BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Цудоўнае выратаванне “Ягелоніі”

Ліга канферэнцый

Учора былі згуляныя 18 матчаў 4 тура ў футбольнай Лізе Еўропы. І па выніках экватара турніра 8-ка першых камандаў турнірнай табліцы выглядае наступным чынам:
дацкі «Міцьюланд», нямецкі «Фрайбург», венгерскі «Ферэнцвараш», гішпанская «Сельта», партугальская «Брага», ангельская «Астан Віла», французскі «Ліён» ды чэшская «Вікторыя».

Матчы 3 тура былі ўчора згуляныя і ў Лізе канферэнцыяў.

Славенскі «Цэле» беларускага форварда Віталя Лісаковіча і асістэнта трэнера Івана Маеўскага перамог варшаўскую «Легію» з лікам 2:1.
Лісаковіч выйшаў на замену на 59-й хвіліне, выніковымі дзеяннямі не адзначыўся. Але варта адзначыць, што ўжо пры ім каманда адквітала адзін гол і пасля здабыла важную хатнюю валявую перамогу.

Пражская «Спарта» згуляла ўнічыю 0:0 з «Ракувам» з Чэнстахова.

Данецкі «Шахтар» на нейтральным полі ў Кракаве перамог ісландскі «Брэйдаблік» з лікам 2:0.
Кіеўскае «Дынама» ў Любліне з лікам 6:0 разграміла баснійскі «Зрыньскі».
Гішпанскі «Рая Вальекана» з лікам 3:2 здабыў супервалявую перамогу над познаньскім «Лехам». Пры тым, што «чыгуначнікі» вялі ў ліку 0:2 і выніковы гол прапусцілі ажно на 94 хвіліне матча.
Беластоцкая «Ягелонія» згуляла на выездзе ўнічыю 1:1 з паўночна-македонскай «Шкендыяй». Беластачане прапусцілі першымі на 49 хвіліне. Пасля на 98-й за другое папярэджанне быў выдалены Хесус Імаз. І ўжо на 100-й хвіліне матчу ў меншасці форвард «Ягелоніі» Серхіё Лазана магутным стрэлам з-за межаў штрафной здолеў выратаваць каманду ад паразы.

Пасля трох тураў «Цэле» са 100% вынікам ідзе на другім радку, «Шахтар» з 6 пунктамі на 10 радку, «Ракуў» і «Ягелонія» з 5 ачкамі на 12 і 14 месцах адпаведна і на 23, 24 і 25 месцах ідуць «Лех», «Дынама» і «Легія», якія маюць у капілцы па 3 ачкі.

У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе учора быў згуляны першы матч 32 тура.
«Ліда» здабыла на выездзе важную перамогу з лікам 2:0 над зборнай Беларусі да 19 гадоў. І тым самым узнялася на 4 радок табліцы.
А тым часам «Слонім-2017» і «Ліда» пагасілі запазычанасці па аплаце заяўкавых узносаў перад Беларускай Федэрацыяй Футбола, у сувязі з гэтым з клубаў была знятая забарона на рэгістрацыю футбалістаў.
Нагадаем, раней адбылося пасяджэнне Камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ, на якім разглядаліся парушэнні клубаў, звязаныя з наяўнасцю пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці па заяўкавых складках за ўдзел у сезоне-2025.
На дадзены момант абмежаванні працягваюць дзеіць у дачыненні да сямі камандаў: койданаўскага «Арсенала», барысаўскага БАТЭ, «Мінска», «Маладэчна», «Смаргоні», бабруйскай «Белшыны» ды «Нівы» з Долбізна.

У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі ўчора былі згуляныя першыя матчы 22 тура.

«Брэст» на сваёй пляцоўцы перайграў «Магілёў» з лікам 3:2.
З такім самым лікам 3:2 гарадзенскі «Нёман» быў мацнейшым за «Авіятар» з Баранавіч.
А вось «Віцебск» таксама закінуў суперніку 3 шайбы, але ў сваю чаргу ніводнай не прапусціў і ў выніку перамог 3:0 смаленскі «Славуціч».

У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі прайшоў шэраг матчаў з удзелам беларускіх гульцоў.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса буйна абыграў «Сэнт-Луіс» з лікам 6:1.
Беларускі форвард дзейснымі баламі не вызначыўся. Ён правёў на лёдзе 11:32 (0:11 – у большасці, 1:47 – у меншасці), тры разы кінуў па брамцы і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
«Калгары» Ягора Шаранговіча абыграў «Каламбус» з лікам 5:1.
Беларускі форвард правёў на лёдзе 14:22 (1:24 – у большасці, 35 секунд – у меншасці), выйграў 2 укідванні з 7 (29%) і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
«Ванкувер» прайграў «Чыкага» Арцёма Леўшунова з лікам 2:5.
20-гадовы беларускі абаронца «Блэкхокс» Арцём Леўшуноў гуляў у другой пары абароны з Уайатам Кайзерам.
Хакеіст правёў на лёдзе 16 хвілін 31 секунду (з іх 0:55 у большасці), аддаў голавы пас у большасці, зрабіў адзін кідок па варотах, здзейсніў адну страту і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
Усяго ў бягучым сезоне ў яго 13 гульняў, 6 (0+6) ачкоў і карыснасць «+3».

У другім па значнасці хакейным турніры Паўночнай Амерыкі – АХЛ «Сан-Дыега» на выездзе абыграў «Хендэрсан» – 6:3. У складзе гасцей выніковы матч правёў нападнік Ягор Сідараў. На рахунку беларуса – гол і два асісты.

Ягор чатыры разы кінуў па браме, зарабіў дзве хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+3». І быў прызнаны першай зоркай матчу.
У 9 матчах сезона АХЛ у Сідарава 8 (4+4) ачкоў.

Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка абыграла амерыканку Коры Гаўф з лікам 2:0 (7:6, 6:2) у Выніковым турніры WTA і выйшла ў паўфінал.
Першая партыя матча працягнулася 56 хвілін. Гаўф вяла з лікам 5:3, аднак Арына здолела пераламаць ход сустрэчы і выйграла сэт на тай-брэйку. Пасля гэтага Сабаленка змагла адолець амерыканку ў чатырох геймах запар, а затым, саступіўшы ў наступных двух, змагла давесці гульню да перамогі.
Усяго сустрэча доўжылася 1 гадзіну 29 хвілін.
Лік у асабістых сустрэчах тэнісістак – 6:5.
Для Сабаленкі гэтая перамога стала трэцяй з трох на групавым этапе Выніковага чэмпіянату WTA, дзе яна прадстаўляла групу Штэфі Граф.
За месца ў фінале беларуска згуляе з прадстаўніцай ЗША Амандай Анісімавай.
27-гадовая тэнісістка ў асабістых сустрэчах саступае амерыканцы з лікам 4:6.

З моманту свайго дэбюту ў туры ў 2017 годзе Арына Сабаленка стала тэнісісткай з найбольшай колькасцю перамог над гульцамі з топ-10.
Па гэтым паказчыку яна абагнала польку Ігу Свёнтак, на рахунку якой 53 удалыя матчы.
А таксама Сабаленка паўтарыла дасягненне расейкі з беларускімі каранямі – Марыі Шарапавай і першай пасля яе чатыры разы запар выйшла ў паўфінал Выніковага чэмпіянату WTA.
Толькі тры спартоўкі рабілі гэта часцей: Марціна Наўрацілава (8), Габрыэла Сабаціні (6) і Штэфі Граф (5).
Адбылося лёсаванне Выніковага турніру ATP.
У паўфіналы пройдуць тэнісісты, якія зоймуць першыя два месцы ў групах. Турнір пройдзе з 9 па 16 лістапада ў Турыне.
Вынікі лёсавання:
Група Джымі Конарса

Карлас Алькарас (Гішпанія)
Новак Джокавіч (Сербія)
Тэйлар Фрыц (ЗША)
Алекс дэ Мінаур (Аўстралія)

Група Б’ерна Борга

Янік Сінер (Італія)
Аляксандр Звераў (Германія)
Бэн Шэлтан (ЗША)
Фелікс Ожэ-Альясім (Канада) або Ларэнца Музеці (Італія)

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя