«Чыкага» абвясціў расклад трэніровачнага лагера гэтага года, які пачнецца ў чацвер. У склад лагера ўвайшлі 53 гульцы: 32 форварды, 15 абаронцаў і шэсць брамнікаў. У спісе значыцца і беларускі абаронца Арцём Леўшуноў. Нагадаем, Леўшуноў траўмаваўся на трэніроўцы і выбыў на некалькі тыдняў. Арцём быў задрафтаваны «Чыкага» гэтым летам пад агульным другім нумарам і падпісаў трохгадовы кантракт пачаткоўца з «Блэкхокс». У мінулым сезоне абаронца гуляў у NCAA за «Мічыган Стэйт» – у 38 матчах набраў 35 (9+26) балаў пры паказчыку карыснасці «+27».
«Баварыя» – першая каманда ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў, якая забіла 9 мячоў у адным матчы
У Мюнхене адбыўся матч 1-га тура Лігі чэмпіёнаў паміж «Баварыяй» і заграбскім «Дынама». Мацней апынулася каманда Венсана Кампані, якая забіла свайму суперніку 9 мячоў – 4 з іх аўтарства Хары Кейна. 33-разовы чэмпіён Германіі стаў першай камандай у гісторыі турніру, якой удалося забіць 9 мячоў у адным матчы. Да гэтага найлепшым вынікам былі 8 галоў ад дортмундскай «Барусіі» ў матчы з варшаўскай «Легіяй» – у 2016 годзе матч скончыўся з лікам 8:4 на карысць дортмундцаў.
Сёння пройдуць чарговыя матчы Лігі чэмпіёнаў. У прыватнасці данецкі «Шахцёр» згуляе з італьянскай «Балоньяй», а «Манчэстэр Сіці» пазмагаецца з італьянскім «Міланам».
Карцоў – найлепшы гулец 21 тура ЧБ
Расейскі вінгер берасцейскага «Дынама» Ягор Карцоў стаў найлепшым гульцом 21 тура вышэйшай лігі. У матчы супраць «Нафтана» 24-гадовы Карцоў забіў два мячы і аддаў дзве галявыя перадачы, адыграўшы 71 хвіліну. Таксама ў Карцова ў дадзеным матчы 81 адсотак дакладных пасоў.
Менскія дынамаўцы сустрэнуцца з ерэванскім “Пюнікам” у Юнацкай лізе УЕФА
Футбалісты менскага “Дынама” сёння прымуць старт у кваліфікацыі Юнацкай лігі УЕФА. У першым кваліфікацыйным раундзе дынамаўская каманда (U-19) сустрэнецца ў Ерэване з аднагодкамі з армянскага “Пюніка”. Паядынак у адказ падначаленыя Дзмітрыя Лянцэвіча таксама правядуць у сталіцы Арменіі 22 верасня. У другім раундзе Юнацкай лігі УЕФА пераможца сустрэч “Дынама” і “Пюніка” будзе супернічаць з харвацкім клубам “Лакаматыў” з Заграба.
«Рома» звольніла Дэ Росі з пасады галоўнага трэнера
Італьянская «Рома» афіцыйна аб’явіла пра звальненне галоўнага трэнера Даніэле Дэ Росі. Гэтае рашэнне было прынята пасля няўдалага старту сезона – каманда набрала ўсяго 3 ачкі ў 4 матчах Серыі А. «Рома» выказала падзяку Дэ Росі за яго адданую працу і падкрэсліла, што ён заўсёды будзе часткай сям’і «джаларосі». Чакаецца, што бліжэйшым часам клуб аб’явіць імя новага галоўнага трэнера.
Памёр найлепшы бамбардзір ЧС-1990, былы форвард зборнай Італіі Сальваторэ Скілачы
Італьянцу было 59 гадоў. У 2022-м яму дыягнаставалі рак тоўстай кішкі. З гэтага часу ён перанёс 2 аперацыі. На працягу клубнай кар’еры Скілачы гуляў за «Месіну», «Ювентус», «Інтэр» і японскі клуб «Джубіла Івату». На хатнім ЧС-1990 Скілачы забіў 6 мячоў. Ён стаў найлепшым бамбардзірам і гульцом таго турніру.
Беларускае Радыё Рацыя