BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Данія забяспечыла сабе месца ў паўфінале гандбольнага Еўра

На чэмпіянаце Еўропы па гандболе, што праходзіць у Германіі, зборная Даніі першай забяспечыла сабе месца ў паўфінале. У асноўным турніры групы 2 датчане ўпэўнена адолелі іншых скандынаваў – Нарвегію – 29:23. Славенія выйграла ў Нідэрляндаў – 37:34, а Швецыя ў карнавальным стылі даказала свой клас у паядынку з партугальцамі – 40:33.

Турнірнае становішча ў гэтай кампаніі наступнае: Данія – 8 ачкоў, Швецыя – 6, Славенія і Партугалія – па 4, Нарвегія – 2, Нідэрлянды – 0. Сёння свае чарговыя матчы правядуць дружыны групы 1.

Вікторыя Азаранка пакідае Australian Open

Двухразовая пераможца адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе ў адзіночным разрадзе беларуска Вікторыя Азаранка пакідае гэты турнір. На стадыі 1/8 фіналу ва ўпартым змаганні яна прайграла укрінцы Даяне Ястрэмскай – 6:7 (6:8), 4:6. Іншая украінка – Эвеліна Світоліна, прайграючы 0:3 у першым сеце, знялася з турніру і месца ў чвэрцьфінале атрымала яе суперніца – узыходная зорка жаночага тэнісу – чэшка Лінда Носкава. Далей паміж сабой сустрэнуцца Ястрэмская з Носкавай.

На мужчынскім турніры ў чвэрцьфінал выйшаў паляк Хуберт Гуркач – ён перамог у трох сетах француза Артура Казо – 7:6 (8:6), 7:6 (7:3), 6:4. Далей Гуркач (9-ы нумар пасеву) сустрэнецца з расейцам Даніілам Мядзведзевым (3-ім нумарам).

Мюнхенская «Баварыя» абніжае стаўкі

Значная сенсацыя здарылася ў чарговым туры бундэслігі. Мюнхенская «Баварыя» на сваім полі досыць нечакана саступіла брэменскаму «Вердэру», які знаходзіўся бліжэй да зоны вылету – 0:1. Адзіны мяч у гульні на рахунку Мітчэла Вайзера (59-я хвіліна). Лідар чэмпіянату па-ранейшаму леверкузенскі «Байер» – 48 пунктаў, у «Баварыі» – 41 ачко і адна гульня ў запасе.

У іспанскай Прымеры блізкі да правалу быў у паядынку з безнадзейным аўтсайдарам «Альмерыяй» мадрыдскі «Рэал». Пасля першага тайма каралеўскі клуб «гарэў» з лікам 0:2 і толькі ў другой палове ўзяўся належна за справу. У выніку «Рэал» вырваў тры ачкі на самым зыходзе сустрэчы – 3:2. Вырашальны мяч забіў на 99-й хвіліне Даніэль Карвахаль. «Барселона» сваім парадкам на выездзе адолела «Беціс» – 4:2. Хет-трыкам вызначыўся Феран Торас, а пераможныя мячы каталонцы запісалі на свой баланс толькі на 90-й і 92-й хвілінах. У «Беціса» дублем стрэліў Іска.

Нечаканы лідар турніру – «Жырона» – катком прайшлася па нядаўна яшчэ грознай «Севільі» – 5:1. Прычым ажно чатыры галы на рахунку ўкраінскіх легіянераў – Арцём Доўбік аформіў экспрэсны хет-трык ужо на 19-й хвіліне (!), потым забіў і Віктар Цыганкоў.

«Жырона» мае зараз 52 ачкі, у мадрыдскага «Рэала» – 51 (і гульня ў запасе), у «Барселоны» – 44.

У брытанскай Прэм]ер лізе сваё становішча лідара ўмацаваў «Ліверпуль», які нават без Махамеда Салаха без асаблівых праблемаў разабраўся на выездзе з «Борнмутам» – 4:0. Ролю бамбардзіраў узялі на сябе Дарвін Нуньес і Дыогу Жота – па два галы.

Верхняя частка турнірнай табліцы: «Ліверпуль» – 48 ачкоў, «Мансэстар сіці», «Арсенал» і «Астан Віла» – па 43. У манчэстарцаў адзін матч у запасе.

Францужанкі дамінавалі ў біятлонным мас-старце

На этапе біятлоннага Кубку свету ў Антхольцы францужанка Жулі Сімон, якая летась выйграла тытул лепшай у агульным заліку, эфектна перамагла ў мас-старце (адзін промах на трэцім агнявым рубяжы). Другое месца ў яе суайчынніцы – Лу Жанмано, якая страляла бездакорна, але ў выніку саступіла пераможцы 8,9 секунды. Бронзу здабыла швайцарка Лена Хекі – адставанне 20,7 секунды.

Беларускае Радыё Рацыя