
Футбалісты дортмундскай “Барусіі” адолелі “Пары Сэн-Жэрмэн” і трэці раз прабіліся ў фінал Лігі чэмпіёнаў. Пасля мінімальнай хатняй перамогі 1:0 “Барусія” і ў паўфінальным паядынку ў адказ у сталіцы Францыі здолела выйграць з такім жа лікам. Парыжане цалкам валодалі ініцыятывай, стварылі нямала небяспечных момантаў, шмат разоў траплялі ў каркас брамы, але забіць нямецкай дружыне так і не змаглі. А ў пачатку другога тайма дортмундцы выкарысталі свой рэдкі шанец: пасля падачы кутняга Матс Хумельс ударам галавой прынёс перамогу “Барусіі” – 1:0. У мінулыя гады каманда з Дортмунда двойчы гуляла ў вырашальных паядынках галоўнага кантынентальнага турніру: у 1997 годзе яна перамагла турынскі “Ювентус” 3:1, а ў 2013-м саступіла мюнхенскай “Баварыі” 1:2. Другі фіналіст вызначыцца сёння на полі стадыёна “Санцьяга Бернабэу” ў іспанскай сталіцы, дзе мадрыдскі “Рэал” сустрэнецца з мюнхенскай “Баварыяй”. Іх першы паядынак на полі нямецкага клуба завяршыўся баявой нічыёй – 2:2.
“Мінск” і ВРЗ прабіліся ў паўфінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Вызначыліся першыя ўдзельнікі паўфінальнай стадыі 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Уладальнікі бронзы мінулага сезона спартоўцы “Мінска” двойчы адолелі землякоў з “Ахова-Дынама” з аднолькавым лікам – 4:3. У першым матчы чвэрцьфінальнай серыі яны вырвалі перамогу ў авертайме, а напярэдадні перамаглі ў асноўны час. Віцэ-чэмпіён краіны гомельскі ВРЗ перайграў мінскі клуб “Дынама-БНТУ” – 2:1 (дома) і 3:2 (у гасцях). Яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы ў адказ адбудуцца сёння. Дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы “Сталіцы” пасля хатняй вікторыі над гомельскім БЧ 6:3 згуляюць на выездзе. У Гародні мясцовы “УУС-Дынама” паспрабуе ўзяць рэванш у “Вітэна” за паразу ў Оршы з лікам 2:5.
Валейбалісты “Шахцёра” выйгралі першы матч фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
У Гомелі стартавала фінальная серыя чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд. Да фіналу дабраліся сяміразовы і дзейны чэмпіён Беларусі “Шахцёр”, а таксама гомельская “Энергія”, для якой трапленне ў вырашальную серыю стала першым у гісторыі. Валейбалісты салігорскага клуба з прычыны ўдзелу ў расійскай Суперлізе пачалі выступы ў нацыянальным чэмпіянаце адразу з паўфіналу плэй-оф, дзе ў трох матчах разабраліся са сваім уласным фарм-клубам “Шахтаспецбудам”. “Энергія” раней святкавала перамогу ў рэгулярным сезоне, у 1/4 фіналу прайшла “Барысаў-БДУФК” (2:0), а ў цяжкім паўфінале прайшла мінскі “Будаўнік” (3:2). Стартавы матч фінальнай серыі да трох перамог адбыўся на поўдні краіны. “Гарнякі” упэўнена перамаглі 3:0.
Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у Рыме
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам 4 мільёны 800 тысяч еўра. У другім раўндзе кваліфікацыі беларуска, якая займае 113-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла сербскую тэнісістку Аляксандру Круніч, якая займае 508-ю пазіцыю, – 7:5, 6:2. Яшчэ дзве прадстаўніцы Беларусі пачнуць выступы ў італьянскай сталіцы з другога раўнда. Вікторыя Азаранка сустрэнецца з пераможцай матчу паміж полькай Магдай Лінэт і кітайскай тэнісісткай Чжу Лін, а суперніца другой ракеткі планеты Арыны Сабаленкі вызначыцца пасля сустрэчы кітаянкі Ван Яфань з адной з пераможцаў кваліфікацыі.
Беларускае Радыё Рацыя






