BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дрос прызнаны найлепшым гульцом красавіка футбольнага чэмпіянату

Крысціян Дрос прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі ў красавіку. Такі вынік традыцыйнага апытання журналістаў вядучых беларускіх СМІ, якое праводзіць асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”.

Фота: vk.com/fcslaviaby

У чатырох красавіцкіх матчах 26-гадовы малдаўскі паўабаронца мазырскай “Славіі” быў адным з лідараў каманды, забіўшы два галы. У гэтых паядынках мазыране святкавалі  тры вікторыі і адзін раз згулялі ўнічыю.

Аўтарам самага прыгожага гола красавіка стаў Леанард Гвет з гарадзенскага “Нёмана”. У гасцявым паядынку 4-га тура з магілёўскім “Дняпром” ён адкрыў лік эфектным ударам у падзенні праз сябе.

Беларусы перамаглі на старце турніру развіцця УЕФА ў Ерэване

Юнацкая зборная Беларусі (U-15) пераможна пачала выступы на турніры развіцця УЕФА ў Ерэване. Падначаленыя Юрыя Мархеля ўпэўнена перайгралі кіпрскіх аднагодкаў з лікам 3:1. У першым тайме вызначыўся Уладзіслаў Варонін, а пасля перапынку яго поспех падтрымалі Анатоль Яставкін і Захар Кравец. У другім туры 11 траўня беларусы згуляюць з гаспадаром спаборніцтваў камандай Арменіі, а 13 траўня завершаць турнір сустрэчай са зборнай Малдовы.

Беларускія самбісты выйгралі тры бронзы на старце чэмпіянату Еўропы ў Сербіі

У Сербіі стартаваў чэмпіянат Еўропы па самба 2024 года з удзелам беларускіх спартоўцаў. У першы дзень спаборніцтваў прадстаўнікі нашай каманды заваявалі тры бронзавыя ўзнагароды. У жанчын у вазе да 59 кг Таццяна Мацко стартавала з перамог, але ў паўфінале ўступіла расейцы Алене Алёхінай. У сутычцы за трэцяе месца Мацко была мацней за іспанку Карлу Альбітас. У катэгорыі да 50 кг Анфіса Капаева ў чвэрцьфінале прайграла францужанцы Сефары Коршэр, а ў паядынку за трэцяе месца адолела Сару Маціевіч з Харватыі.

Таксама бронзавым прызёрам кантынентальнага форуму ў мужчынскім баявым самба стаў Барыс Булыга (у вазе звыш 98 кг), які атрымаў медаль пасля паразы ў паўфінале ад расейца Міхаіла Кашурнікава.

У Стамбуле стартуе сусветны кваліфікацыйны турнір на АІ-2024 па барацьбе з удзелам беларусаў

У турэцкім Стамбуле стартуе сусветны кваліфікацыйны турнір на Летнія Алімпійскія гульні па барацьбе з удзелам беларускіх спартоўцаў. Дадзены старт з’яўляецца для атлетаў апошнім шанцам заваяваць ліцэнзіі для выступу ў Парыжы найбліжэйшым летам. Першымі на турэцкі дыван выйдуць прадстаўнікі грэка-рымскага стылю, нашу каманду ў Стамбуле прадставяць пяць атлетаў.

Беларускае Радыё Рацыя