BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Другі кваліфікацыйны раўнд у еўракубках

Сёння на футбольных палях Старога свету працягваюцца гульні другога кваліфікацыйнага раўнда ў еўрапейскіх кубках. У барацьбу ў Лізе канферэнцый уступае гарадзенскі «Нёман». Якога на сваім поле ў румынскім горадзе Клюж-Напока прымае мясцовая каманада ЧФР «Клюж». Нагадаем, што «Нёман» па старой завядзёнцы накіраваўся ў свой футбольны еўратур на аўтобусе. Наколькі ён будзе працяглы і якую гульню зможа прадставіць дружына Ігара Кавалевіча з берагоў Нёмана камандзе з Трансільваніі паглядзім а 19:30 па еўрапейскім часе і на гадзіну пазней па беларускім. Гульня ў адказ адбудзецца на нейтральным полі 1 жніўня.

Таксама варта сёння звярнуць увагу на пару ў Лізе Еўропы з партугальскай «Брагі» і ізраільскага «Маккабі» з Петах-Ціква. Бо менавіта прайграўшы ў гэтым двубоі стане супернікам пары «Нёман» – «Клюж» у наступным раўндзе Лігі канферэнцый.

З цікавостак сённяшняга вялікага гульнявога дня таксама сустрэча ў Лізе Еўропы між уладальнікам Кубка Польшчы з другога дывізіёна – кракаўскай «Віслай» і венскім «Рапідам». І як паказваюць перадсезонныя падрыхтоўчыя спарынгі месца ў браме кракаўскай каманды ўпэўнена заняў беларускім брамнік – Антон Чычкан.

Агулам у Лізе Еўропы сёння будзе згуляна 9 матчаў. А ў Лізе канферэнцый – ажно 40 сустрэч і яшчэ ў адной украінскаму «Дняпро 1» прысуджаная тэхнічная параза ў выніку зняцця каманды з турніра з прычыны банкрутства. Далей у гэтай пары праходзіць венгерская «Акадэмія Пушкаша».

Застаемся ў футбольна тэме. Сёння на палях Паўночнай Ірландыі будуць разыграныя паўфіналы Чэмпіяната Еўропы сярод гульцоў 19-гадовага ўзросту і маладзей. Нагадаем, што да гэтай стадыі дайшлі хлопцы з Украіны, якія ўвечары разыграюць пуцёўку ў фінал з французамі. А ў гэтыя хвіліны адбываецца сустрэча іх аднагодкаў у іншым паўфінале між Італіяй і Гішпаніяй.
Фінал турніра пройдзе ў нядзелю 28 ліпеня.

Да спраў алімпійскіх. Былая першая ракетка свету Эндзі Марэй (а зараз №121 ATP) не выступіць на Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы ў адзіночным разрадзе.

37-гадовы тэнісіст зняўся з адзіночнага розыгрышу з-за траўмы спіны. Ён застаецца ў заяўцы на парны турнір, дзе згуляе з Дэніэлам Эвансам.

Напярэдадні Гульняў у Парыжы Марэй аб’явіў, што гэты турнір стане апошнім у яго кар’еры.

Такім чынам, свой апошні адзіночны матч у кар’еры ён правёў у другім крузе турніру ATP 500 у Лондане, з якога зняўся з-за траўмы.

Ён адзіны двухразовы алімпійскі чэмпіён у адзіночным разрадзе сярод мужчын. Нікому акрамя яго не ўдавалася абараніць золата Алімпіяды ў мужчынскіх спаборніцтвах.

Застаемся ў алімпійскім Парыжы. Прадстаўніца Паўднёвай Карэі Лім Сі-Хен устанавіла новы сусветны рэкорд падчас кваліфікацыі Алімпіяды ў індывідуальнай стральбе з лука.

21-гадовая спартсменка набрала 694 балы з магчымых 720. Такім чынам яна пабіла сусветны рэкорд Кан Чэён, якая на чэмпіянаце свету ў 2019 годзе набрала 692 ачкі.

Таксама Лім Сі-Хен перасягнула алімпійскі рэкорд, які належаў Ан Сан (680 ачкоў) у Токіа-2021.
Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя