Хакеісты менскага “Дынама” з перамогі пачалі апошнюю ў каляндарным годзе выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым матчы пасля міжнароднай паўзы менчане сустракаліся з лідарам Усходняй канферэнцыі “Трактарам”, за “зуброў” у гэтай гульні дэбютаваў галкіпер Васіль Дземчанка. У стартавай трэці каманды абмяняліся закінутымі шайбамі – на 11-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў форвард “Дынама” Мікіта Пышкайла, для якога гэты гол стаў першым у бягучым сезоне. Гаспадарам удалося адыграцца за 30 секунд да адыходу на перапынак. На старце другога перыяду менчане зноў выйшлі наперад, на гэты раз дакладны кідок зрабіў Вадзім Мароз. У заключнай трэці 21-гадовы нападнік аформіў дубль. Фінальны лік – 3:1 на карысць “Дынама”. Сталічны клуб вярнуў сёмы радок у табліцы Заходняй канферэнцыі, у “зуброў” 40 балаў у 35 гульнях. Далей менчане адправяцца ў Казань, дзе 20 снежня сустрэнуцца з мясцовым “Ак Барсам”.
“Юнацтва” паўторна разабралася з “Брэстам”
Менскае “Юнацтва” на хатняй арэне ўпэўнена перамагло “Брэст” у матчы рэгулярнага чэмпіянату Betera-Экстралігі — 6:2. 16 снежня сталічная каманда “насуха” абыграла берасцейцаў з лікам 4:0. “Юнацтва” з 46 ачкамі лідыруе ў табліцы, апярэджваючы гарадзенскі “Нёман” па дадатковых паказчыках. “Брэст” на восьмым радку з 35 баламі.
“Мяшкоў Брэст” здабыў 14-ю перамогу запар
У цэнтральным паядынку чарговага тура дзейныя чэмпіёны Беларусі па гандболе «Мяшкоў Брэст» перайгралі на пляцоўцы спарткомплексу “Вікторыя” сваіх галоўных канкурэнтаў – гандбалістаў менскага СКА з лікам 30:26. Да перапынку берасцейцы адарваліся на тры галы – 16:13. А ў другой палове сустрэчы цалкам кантралявалі ход гульні і ў выніку перамаглі з перавагай у чатыры мячы. У спаборніцтвах жаночых каманд пасля 13 тураў наперадзе гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа” і “Гомеля”, у якіх па 23 ачкі, на тры балы адстае гарадзенская “Гараднічанка”, якая нядаўна абыграла абодвух фаварытаў турніру.
Баскетбалісткі “Гарызонта” выйгралі сёмы матч запар у чэмпіянаце
Фаварыты жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе святкавалі буйныя перамогі ў матчах чарговага тура. Лідары турніру баскетбалісткі “Гарызонта” выйгралі сёмы паядынак запар, разграміўшы моладзевую каманду БК “МІНСК” з лікам 74:48. З 15 праведзеных сустрэч падначаленыя Наталлі Трафімавай выйгралі 14, пацярпеўшы адзіную паразу ад галоўнай дружыны “МІНСКА”, якая без праблем перайграла “Гарызонт-2-РЦАП” – 76:42.
“Рэал” выйграў Міжкантынентальны кубак
Мадрыдскі “Рэал” “усухую” абыграў мексіканскую каманду “Пачука” ў фінале Міжкантынентальнага кубка — 3:0. У «сметанковых» мячы забілі Кіліян Мбапэ, Радрыга і Вінісіус Жуніёр. Мбапэ і Вінісіус таксама зрабілі па галявой перадачы. “Рэал” стаў чатырохразовым уладальнікам трафея і ўсталяваў рэкорд. Па тры разы Міжкантынентальны кубак выйгравалі «Мілан», «Бока Хуніёрс», «Пеньяроль» і «Насьёналь». Удзел у Міжкантынентальным кубку бралі пераможцы галоўных клубных турніраў кантынентаў.
Беларускае Радыё Рацыя






