BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дубль Мароза прынес “Дынама” перамогу над “Авангардам”

Хакеісты менскага “Дынама” перамогай завяршылі адзіную гасцявую серыю лістапада ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Трэці і заключны выязны паядынак месяца “зубры” праводзілі ў Омску супраць “Авангарда”. Адкрыў лік беларускі нападнік “Авангарда” Ігар Мартынаў. У другой трэці Вадзім Шыпачоў застаўся адзін на чужым пятаку і лёгка перайграў галкіпера супернікаў. У сярэдзіне гульнявога адрэзка рэкардсмен КХЛ па ачках выступіў ужо ў ролі асістэнта, знайшоўшы перадачай Вадзіма Мароза. Яшчэ праз пяць хвілін дынамаўцы святкавалі поспех трэці раз: упершыню за месяц вызначыўся Крыс Цірні. Амічы даволі хутка вярнулі на табло розніцу ў адзін гол, але за ўвесь трэці перыяд так і не здолелі засмуціць галкіпера менчукоў Андрэя Ціхамірава. У “зуброў” жа яшчэ раз спрацавала звязка двух Вадзімаў – Мароз аформіў дубль з паса Шыпачова. Незадоўга да сірэны Раман Гарбуноў дабіў “Авангард” кідком у пустую брамку, у выніку 5:2 на карысць “Дынама”. У турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі “зубры” ўзняліся на шостае месца, маючы ў актыве 32 ачкі.

“Шахцёр” адыграў адставанне ў чатыры шайбы і перамог “Хімік”

Паядынкі ў чатырох гарадах краіны ў аўторак працягнулі праграму рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. Другая каманда чэмпіянату “Юнацтва” гасцявала ў “Брэста”, які падышоў да гэтага матчу з серыяй з шасці перамог запар. У выніку разгромная вікторыя “Юнацтва” з лікам 6:1, сталічны клуб скараціў адставанне ад лідыруючага “Дынама-Маладзечна” да аднаго ачка. Паралельна ў Салігорску “Шахцёр” ў серыі булітаў абыграў “Хімік” 5:4. На поўдні краіны адбылося “палескае дэрбі” паміж “Гомелем” і “Металургам”. Асноўны час паядынку скончыўся ўнічыю 1:1, а ў авертайме перамогу “рысям” прынёс Антон Елісеенка. Віцебск абыграў Ліду – 2:1.

Шаранговіч не перашкодзіў “Калгары” перамагчы “Айлендэрс”

У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі “Калгары” па булітах перамог “Айлендэрс”. У гаспадароў беларускі форвард Ягор Шаранговіч выходзіў на лёд на правым флангу першага звяна, з Джонатанам Юберда і Конарам Зары. Правёў на лёдзе 19 хвілін 55 секунд, нанёс 2 кідкі, ужыў 1 сілавы прыём, здзейсніў 2 страты, прайграў абодва ўкідванні і зарабіў паказчык карыснасці -1. Таксама беларус не здолеў рэалізаваць пасляматчавы буліт.

Зборная Украіны перамагла Албанію і пазмагаецца за выхад у элітны дывізіён Лігі нацый

У Тыране на стадыёне “Камбетары” адбыўся матч завяршальнага шостага тура Лігі нацый УЕФА, у якім зборнай Украіны супрацьстаяла мясцовая нацыянальная каманда Албаніі. Паядынак завяршыўся перамогай “сіне-жоўтых” з лікам 2:1. Каманду Сяргея Рэброва задавольвала ў гэтым матчы толькі перамога. Любы іншы вынік пакінуў бы ўкраінцаў на апошнім месцы ў турнірнай табліцы квартэта, што адправіла б іх наўпрост у дывізіён С Лігі нацый. Зборная Украіны змагла забіць два хуткія галы ў дэбюце сустрэчы: спачатку на 5-й хвіліне Аляксандр Зінчанка адкрыў лік. А праз 5 хвілін Раман Ярамчук ударам галавой падвоіў перавагу ўкраінцаў. Грузія ў паралельным паядынку прайграла Чэхіі 1:2, таму зборная Украіны заняла выніковае другое месца ў турнірнай табліцы групы і згуляе ў пераходным плэй-оф турніру ў сакавіку. Супернік каманды Рэброва вызначыцца пазней. Албанія ж напрамую вылецела ў дывізіён С.

Беларускае Радыё Рацыя