BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Два асісты Калячонкa не выратавалі «Юту» ад паразы

Пачынаем з навінаў ад беларускіх гульцоў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Два асісты Калячонкa не выратавалі «Юту» ад паразы ад «Сан-Хасэ». Гэтай ноччу «Ютa» ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ у авертайме саступіла «Сан-Хасэ» з лікам 4:5. У прайграўшых беларус Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе 15 хвілін і 40 секундаў (з іх 18 секунд у меншасці), набраў 2 ачкі, зрабіўшы два трапных пасы, нанёс 1 кідок міма, ужыў 2 сілавыя прыёмы, заблакаваў 1 кідок суперніка, здзейсніў 1 перахоп, дапусціў 3 страты і зарабіў паказчык карыснасці «+1». У гэтым сезоне Калячонак згуляў 10 матчаў, набраў 4 балы (1 гол і 3 пасы), пры паказчыку карыснасці «-5» і 2 хвілінах штрафу.

«Калгары» Ягора Шаранговіча разгромна прайграў «Вегасу» з лікам 0:5. Шаранговіч у першым сваім матчы пасля траўмы правёў на лёдзе 15 хвілін і 16 секундаў, у яго актыве 3 кідкі па варотах, 1 сілавы прыём, 1 заблакаваны кідок, 1 страта шайбы і 1 перахоп. Ягор скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».

Да футбольных навінаў.
Фанаты менскага «Дынама» заклікалі беларусаў прыходзіць на матч з «Легіяй» у Варшаве: «Бярыце як мага больш сцягоў», – кажуць яны. Фанаты менскага «Дынама» выпусцілі заяву, у якой заклікалі беларусаў прыходзіць на матч Лігі канферэнцый супраць «Легіі», які пройдзе 7 лістапада.
«Само сабой, ні пра які футбол гаворкі не ідзе. Не кажучы ўжо пра падтрымку рэжымнага прадпрыемства. Гэты матч – найлепшая магчымасць нагадаць свету пра тое, што адбываецца з Беларуссю ў Беларусі. У мэтах бяспекі пакуль не можам расказаць усе планы. Але адно сказаць можам дакладна: купляйце білеты на стадыён (на кожны сектар, на кожнае месца), бярыце сцягі, атрыбутыку НАШЫХ колераў, але не забывайце пра прыватнасць (маскі, шалікі, цёмныя акуляры). Усе далейшыя інструкцыі – напярэдадні і ў дзень матчу», – гаворыцца ў паведамленні.

І да спраў футбольных у Беларусі. Сёння адбудзецца заключны матч 26 тура у Вышэйшай лізе. У Менску «Дынама» згуляе з дзяржынскім «Арсеналам». І, у выпадку перамогі, падзвіне з першага месца гарадзенскі «Нёман».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя