BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Два галы Левандоўскага дортмундскай «Барусіі»

Учора, 9 красавіка, прайшлі яшчэ дзве гульні чвэрцьфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. «Барселона» на сваім полі без асаблівых перашкод разабралася з дортмундскай «Барусіяй», забіўшы ў вароты Грэгара Кобеля чатыры галы. Адзначыліся – паляк Роберт Левандоўскі двойчы і па голе забілі Рафінья ды 17-гадовы Ламін Ямаль. А вось у Парыжы на «Стад дэ Франс» ПСЖ не без перашкод здолеў такі пераламаць хаду гульні на свой бок і здабыў валявую перамогу над бірмінгемскай «Астан Вілай» 3:1. На першы гол Моргана Роджэрса яны адказалі трыма галамі Дзесіра Доўі, Хвічы Кварцхелія ды Нуну Мендэша. Гульні ў адказ пройдуць праз тыдзень.

Сёння ж першыя гульні стадыі 1/4 фіналу пройдуць у Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый. Нарвежскі «Бодзё Глімт» прыме ў сябе італьянскі «Лацыё», «Манчэсцер Юнайтэд» згуляе ў Ліёне, шатландскі «Рэйнджэрс» з «Атлетыка Більбао», «Тотэнхэм» з «Айнтрахтам». І адпаведна варшаўская «Легія», што праўда без Іллі Шкурына, бо той не мае права гуляць у еўракубках у гэтым сезоне, прыме лонданскі «Чэлсі», «Цэле» згуляе з «Фіярэнцінай», «Дуйгардэн» з венскім «Рапідам» і самы цікавы для нас матч – гэта гульня ў Севільі, куды выправілася на гульню з мясцовым «Бетысам» беластоцкая «Ягелонія». Пачатак гэтай сустрэчы ў 21 гадзіну па польскім часе і ў 22 гадзіны па часе беларускім.

Беларускі брамнік сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў згуляў «на нуль» у матчы супраць «Чорна Мора» ў паўфінале Кубку Балгарыі па футболе, які скончыўся з лікам 0:0. Фёдар выйшаў у старце і адыграў «на нуль», а таксама здзейсніў два сэйвы. Матч у адказ адбудзецца ў Сафіі 22 красавіка.

Жаночая зборная Беларусі па футболе правяла ў гішпанскай Навары гульню ў Дывізіёне Б Лігі нацый супраць зборнай Сербіі. І прайграла з лікам 0:3.

У Экстралізе чэмпіянату Беларусі па хакеі распачалася фінальная серыя матчаў, дзе сустракаюцца менскае «Юнацтва» і «Віцебск». У першай гульні, якая прайшла ў Менску, «Віцебск» здабыў валявую перамогу 4:2. Лік па перыядах 0:1, 2:0, 2:1. Тут серыя доўжыцца да чатырох перамог.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя