BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дынама-Маладзечна” на крок бліжэй да паўфіналу

Хакеісты “Дынама-Маладзечна” зрабілі сур’ёзны крок да выхаду ў паўфінал плэй-оф беларускай экстралігі. У пятым матчы серыі супраць гарадзенскага “Нёмана” маладзечненцы вырвалі перамогу з лікам 3:2. Матч праходзіў у Гародні, і ўжо ў першым перыядзе гаспадары выйшлі наперад дзякуючы шайбе Арцёма Кіслага. Але “Дынама” хутка аднавіла раўнавагу — на старце другога адрэзка адзначыўся Ягор Ігнаценка. У трэцім перыядзе закінулі Цімафей Крэйн і Павел Развадоўскі, што забяспечыла гасцям перавагу ў дзве шайбы. Кісламу ўдалося аформіць дубль, але на большае ў “Нёмана” не хапіла часу. У выніку — 3:2 на карысць “Дынама”, якое цяпер вядзе ў серыі 3:2.

Тым часам “Брэст” таксама вырваў перамогу ў “Віцебска” 1:0 і скараціў адставанне ў серыі да 2:3. Аўтарам адзінай шайбы стаў Фёдар Качан, а брамнік Сяргей Броннікаў аформіў “сухі” матч, адбіўшы 38 кідкоў. Шостыя матчы гэтых серый адбудуцца 19 сакавіка ў Маладзечне і Берасці.

«Сталіца» абыграла «Мінск»

«Сталіца» святкавала важную перамогу над «Мінскам» у 17-м туры чэмпіянату — 2:1. Ужо на 5-й хвіліне лік адкрыў Шахрух Махмадамінаў, а на 24-й хвіліне Уладзімір Піскун падвоіў перавагу «Сталіцы». «Мінск» адказаў толькі на 38-й хвіліне, калі Павел Рубніковіч скараціў адставанне, але да нічыйнага выніку «гараджане» не дацягнулі. Дзякуючы перамозе, «Сталіца» паднялася на чацвёртае месца ў табліцы з 34 баламі, абышоўшы «Мінск», у якога засталося 33 ачкі.

Гардзяйчук запісаў на свой рахунак 70-е ачко за берасцейскае «Дынама»

Міхаіл Гардзяйчук у стартавым матчы новага сезону вышэйшай лігі паміж берасцейскім «Дынама» і дзяржынскім «Арсеналам» (1:1) дасягнуў адзнакі ў 70 ачкоў па сістэме «гол + пас» (45 галоў + 25 перадач). Гэта трэці вынік у гісторыі клуба.

Больш ачкоў за берасцейскае «Дынама» маюць толькі Раман Васілюк (147 — 96+51) і Дзмітрый Мазалеўскі (88 — 59+29). Асабліва эфектыўным стаў тандэм Гардзяйчук — Карцоў: разам яны забілі 12 мячоў з перадач адзін аднаго. Лепш выступае толькі гарадзенская пара Савіцкі — Зубовіч (15 мячоў). Абсалютны ж рэкорд належыць дуэту Стрыпейкіс — Васілюк — 30 забітых мячоў. Наступны матч берасцейскае «Дынама» правядзе на хатнім полі супраць «Слуцка».

Праблемы з трансляцыямі стартавага тура ЧБ: стадыёны не гатовыя да паказу

Нечаканасць для аматараў футбола: паядынкі стартавага тура чэмпіянату Беларусі не паказалі па ТБ з-за тэхнічных праблем на стадыёнах. У «Беларусь 5» патлумачылі, што да 1 траўня камандам дазволена гуляць на палях са штучным пакрыццём, аднак многія стадыёны апынуліся не прыдатнымі для тэлетрансляцый. Напрыклад, «Гомель» і «Тарпеда-БелАЗ» гулялі на арэне «Лакаматыва», якая не адпавядае тэхнічным патрабаванням для паказу. «Нёман» і «Маладзечна» згулялі на запасной арэне, якая таксама не абсталяваная для якаснай трансляцыі. Нават «Дынама-Юні», дзе «Дынама» прымала «Смаргонь», прызналі небяспечнай для тэхнічнага персаналу і аператараў. У выніку для трансляцыі прапанавалі толькі тры матчы: «Мінск» – «Нафтан», «Іслач» – «Славія» і «Віцебск» – БАТЭ. Але тут паўстала новая праблема — БелФутбол прызначыў матчы на ​​час, калі ішлі важныя хакейныя паядынкі, і ў «Беларусь 5» абралі хакей.

Бокс зноў вяртаецца на Алімпіяду — МАК даў зялёнае святло

Бокс мае ўсе шанцы вярнуцца на Алімпійскія гульні! Выканаўчая рада Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) рэкамендавала ўключыць гэты від спорту ў праграму Алімпіяды-2028 у Лос-Анджэлесе. Прэзідэнт МАК Томас Бах адзначыў, што рашэнне прынялі пасля прызнання новай арганізацыі World Boxing у лютым. Гэтая структура была створана ў 2023 годзе, каб забяспечыць будучыню бокса на Алімпіядах пасля пазбаўлення IBA (Міжнароднай баксёрскай асацыяцыі) права праводзіць алімпійскія турніры. Калі рэкамендацыю зацвердзіць сесія МАК, баксёры з усяго свету атрымаюць шанец выступіць на Алімпійскіх гульнях-2028, калі іх нацыянальныя федэрацыі будуць афіцыйна прызнаныя World Boxing.

Беларускае Радыё Рацыя