BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дынама-Мінск” узяло рэванш у “Лакаматыва”

Хакеісты менскага “Дынама” дамагліся важнай перамогі ў чэмпіянаце КХЛ, абыграўшы яраслаўскі “Лакаматыў” з лікам 3:1.

Ice hockey stick and puck 20181220

Менчукі адкрылі лік яшчэ ў першым перыядзе – вызначыўся Ягор Борыкаў. Госці хутка адыграліся ў пачатку другой трэці, але “зубры” адказалі дакладным кідком Сэма Энаса. Трэцюю шайбу закінуў Вадзім Мароз, замацаваўшы перавагу гаспадароў. Пасля гэтай перамогі “Дынама” застаецца на сёмым месцы Заходняй канферэнцыі.

Беларускія гандбалісты вызначыліся ў матчах Лігі чэмпіёнаў

Беларусы Арцём Каралёк і Ігар Бяляўскі сталі героямі сваіх клубаў у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў. Каралёк закінуў шэсць галоў за польскі “Кельцэ”, але гэта не выратавала яго каманду ад паразы супраць “Магдэбурга” – 25:29. Бяляўскі адзначыўся тройчы і дапамог “Заграбу” сенсацыйна перамагчы венгерскі “Пік” – 27:26. Групавы этап Лігі чэмпіёнаў працягнецца да пачатку сакавіка, пасля чаго вызначацца ўдзельнікі плэй-оф.

Французскі выхаванец “ПСЖ” не падышоў “Нафтану”

Футбаліст Франк Куэнчы, які прайшоў акадэмію “ПСЖ”, не змог замацавацца ў складзе “Нафтана” і пакінуў каманду. За сваю кар’еру ён выступаў у Паўночнай Амерыцы і нават гуляў у чэмпіянаце Тайланда. Разам з ім клуб пакінуў і грузінскі форвард Зураб Берыдзэ, які летась забіў 21 мяч у трэцім дывізіёне Грузіі.

“Баварыя” вырвала перамогу ў Глазга, “Фейенорд” узяў верх над “Міланам”

Ліга чэмпіёнаў працягваецца, і ў першых матчах 1/16 фіналу “Баварыя” на выездзе перамагла “Селтык” – 2:1, а “Фейенорд”, дзякуючы хуткаму голу Ігара Пайшао ўжо на 3-й хвіліне, абыграў “Мілан” – 1:0. У іншых сустрэчах “Бенфіка” мінімальна перамагла “Манака” 1:0, а “Бруге” ў драматычным стылі вырваў перамогу над “Аталантай” – 2:1, забіўшы пераможны гол з пенальці на 94-й хвіліне. Матчы ў адказ пройдуць 18-19 лютага.

“Ліверпуль” на апошніх хвілінах выпусціў перамогу ў мерсісайдскім дэрбі

У чэмпіянаце Англіі “Ліверпуль” не здолеў утрымаць перамогу супраць “Эвертана”. Госці вялі 2:1 пасля гола Салаха, але на 98-й хвіліне Таркоўскі параўняў лік – 2:2. “Чырвоныя” засталіся лідарамі турніру, іх перавага над “Арсеналам” складае зараз 7 ачкоў.

Францыя заваявала золата ў змяшанай эстафеце па біятлоне

На чэмпіянаце свету па біятлоне французская зборная заваявала перамогу ў змяшанай эстафеце. Жулі Сімон, Лу Жанмоно, Эрык Перо і Эмільен Жаклен прайшлі гонку за 1 гадзіну 4 хвіліны 41,5 секунды, дапусціўшы адзін штрафны круг. Другімі сталі чэхі, трэцімі – немцы. Чэмпіянат працягнецца ў швайцарскім Ленцэрхайдэ да канца тыдня.

Беларускае Радыё Рацыя