Менскае “Дынама” працягвае серыю перамог у Кантынентальнай хакейнай лізе. У апошнім хатнім матчы “зубры” перамаглі “Куньлунь Рэд Стар” з лікам 4:2. Вызначыліся Крысціян Хенкель, Сцяпан Звягін, Вадзім Шыпачоў і Вадзім Мароз. Гэта дзявятая перамога запар для “Дынама”, што паўтарыла клубны рэкорд у КХЛ. У турнірнай табліцы менчане замацаваліся ў верхняй частцы Заходняй канферэнцыі. Далей “зубры” сустрэнуцца з СКА.
“Віцебск” і “Нёман” упэўнена стартавалі ў плэй-оф
Хакеісты “Віцебска” і “Нёмана” паспяхова пачалі чвэрцьфінальныя серыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. “Віцебск” на сваім лёдзе перамог “Брэст” з лікам 4:3. Госці першымі адкрылі лік у самым канцы першай трэці, але гаспадары адказалі чатырма шайбамі дзякуючы дакладным кідкам Ягора Мажугі, Вячаслава Іпатава, Аляксандра Ганчарова і Максіма Лемяшэўскага. “Нёман” таксама адсвяткаваў перамогу, перайграўшы “Дынама-Маладэчна” з лікам 2:0. Галы на рахунку Віталя Антановіча і Ягора Феафанава. Серыі працягнуцца 11 сакавіка.
Два віцебскія клубы выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі
Футбалісты «Віцебска» і «МЛ Віцебск» выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі, зрабіўшы ўпэўнены крок да фіналу. «Віцебск» пасля хатняй перамогі над «Слуцкам» 2:0 на выездзе згуляў унічыю — 0:0 і прайшоў далей. «МЛ Віцебск» без праблем расправіўся з «Белшынай» — спачатку на выездзе 2:1, а затым разграміў суперніка дома — 6:0.
У іншым матчы «Нёман» толькі ў серыі пенальці змог перамагчы «Іслач» 4:2, пасля таго як абедзве гульні завяршыліся безгалявой нічыёй. Раней «Тарпеда-БелАЗ» выбіў «Дынама-Брэст» з лікам 1:0 па суме двух матчаў.
“Ягелонія” з цяжкасцю вырвала перамогу над “Відзэвам”
“Ягелонія” здолела на выездзе перамагчы “Відзэў” з лікам 1:0, святкаваўшы першую гасцявую перамогу ў гэтым годзе ў польскай Экстракласе. Адзіны гол быў забіты ўжо на 8-й хвіліне — пасля падачы са штрафнога Матэўш Скрыпчак адправіў мяч у сетку. Гаспадары актыўна ішлі наперад, стваралі моманты, але надзейная гульня галкіпера Славаміра Абрамавіча дапамагла “Ягелоніі” захаваць перавагу. У другім тайме “Відзэў” двойчы трапіў у каркас брамы, але забіць не змог. “Ягелонія” трымаецца на трэцім месцы ў турнірнай табліцы, саступаючы толькі “Леху” і “Ракуву”.
Зборная Беларусі ў другі раз перамагла фінаў і працягвае чэмпіёнскую серыю
Беларусы зноў паказалі клас у кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы па міні-футболе, перамогшы зборную Фінляндыі з лікам 3:1. Пасля першага тайма беларусы саступалі, але ў другой палове гульні Аляксандр Умпіровіч, Аляксей Пінчук і Уладзіслаў Селюк забілі тры мячы, што прынесла камандзе чарговую перамогу. Гэта ўжо трэцяя вікторыя запар на турніры для зборнай пад кіраўніцтвам Аляксандра Чэрніка. Беларусь упэўнена лідыруе ў сваёй групе з 10 ачкамі пасля чатырох матчаў. Наступная гульня пройдзе 11 красавіка супраць Італіі.
Беларускія гандбалісткі саступілі ў двух матчах расейкам
Жаночая зборная Беларусі па гандболе правяла два таварыскія паядынкі супраць расейскіх клубаў, але не здолела здабыць перамогі. У першай сустрэчы беларуская каманда прайграла “Зорцы” са Звянігарада з лікам 28:29. Лідарам у складзе беларускіх гандбалістак стала Яна Сотнікава, якая закінула 15 мячоў. У другім матчы беларускі зноў саступілі з мінімальнай розніцай — на гэты раз маскоўскаму “Лучу” 24:25. Самай выніковай у складзе беларускай каманды была Дар’я Авадушка, якая закінула сем мячоў.
Казлоў заваяваў золата на моладзевым чэмпіянаце Еўропы
Беларускі барэц Уладзіслаў Казлоў стаў чэмпіёнам Еўропы сярод моладзі ў вагавай катэгорыі да 97 кг. На шляху да перамогі Казлоў перамог грека Нікалааса Караванааса 4:1, затым разграміў армяніна Сергея Саргсяна 12:0 і абышоў украінца Давіда Мчэдлідзе 2:0. У вырашальнай сутычцы за золата беларускі спартовец быў мацней за расейца Бады-Маадзіра Самдана, перамогшы яго з лікам 2:1.
Беларускае Радыё Рацыя