BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Дынама» працягвае пераможную серыю, разграміўшы «Куньлунь»

Хакеісты мінскага «Дынама» не спыняюцца – сёмая перамога запар і ўздым на чацвёртае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Матч супраць «Куньлуня» на «Мінск-Арэне» пачаўся з дакладнага кідка Вадзіма Мароза ў першым перыядзе. Далей мінчане літаральна разграмілі супернікаў – у другім перыядзе «зубры» закінулі пяць шайб. Сярод аўтараў галоў – Лайл, Мелаш, Шыпачоў, Уэлле і Пінчук. Гасцям удалося двойчы адказаць у большасці, але гэта не змяніла выніку – 6:2. Наступны матч «Дынама» правядзе 5 сакавіка супраць «Лады».

«Хімік» з разгромным лікам перамог «Лакаматыў» і зраўняў серыю

Хакеісты з Наваполацка ўпэўнена адказалі на паразу ў першым матчы і ўзялі рэванш у «Лакаматыва» – 5:1.

Першы паядынак серыі да дзвюх перамог у Оршы выйграў «Лакаматыў» (1:0 у авертайме), але дома «Хімік» дамінаваў. Дубль аформіў Сяргей Адзінокаў, а канчатковы лік – 5:1 – не пакінуў сумневаў наконт пераможцы другога матчу. Лёс пуцёўкі ў чвэрцьфінал вызначыцца ў трэцяй сустрэчы, якая адбудзецца 7 сакавіка ў Оршы.

Кубкавы матч «Нёмана» і «Іслачы» пачнецца раней

Гульня 1/4 фіналу Betera-Кубка Беларусі паміж гарадзенскім «Нёманам» і «Іслаччу» стартуе на гадзіну раней, чым планавалася.

Як паведамляе прэс-служба «Нёмана», сустрэча адбудзецца 5 сакавіка на штучным полі ЦСК «Нёман» і пачнецца а 16:00 замест першапачатковых 17:00.

Шчэнсны змяніў стаўленне да свайго будучага ў «Барселоне»

Яшчэ ў пачатку сезона галкіпер «Барселоны» Войчэх Шчэнсны не сумняваўся, што пакіне клуб у чэрвені. Але цяпер яго погляды змяніліся. «Калі б вы спыталі мяне тады, я б адказаў, што сыходжу. Але цяпер мне падабаецца час, які я правёў тут.  Сям’я задаволеная, сыну падабаецца школа, жонка адчувае сябе камфортна… Адкрыты да розных варыянтаў», — адзначыў польскі брамнік. Шчэнсны далучыўся да каталонскага клуба ўвосень як вольны агент. У гэтым сезоне ён правёў 12 матчаў, у якіх прапусціў 13 галоў, але шэсць разоў згуляў «на нуль».

Сабаленка захоўвае другую пазіцыю ў чэмпіёнскай гонцы WTA

Абноўлены рэйтынг чэмпіёнскай гонкі WTA працягвае ўзначальваць пераможца Australian Open-2025 Мэдысан Кіз (ЗША). Беларуска Арына Сабаленка застаецца другой, набраўшы 1930 балаў. У першай пяцёрцы – таксама расіянка Міра Андрэева (4-е месца) і датчанка Клара Таўсан (5-е), якая нядаўна перамагла Сабаленку на турніры ў Дубаі. Па выніках сезона першыя восем ракетак свету возьмуць удзел у выніковым чэмпіянаце WTA.

Пятрова заваявала срэбра на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы

Беларуская спартоўка Аляксандра Пятрова выдатна выступіла на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па кулявой стральбе, які праходзіць у Харватыі. У першым фінальным відзе праграмы – стральбе з пнеўматычнага пісталета – Пятрова паказала вынік 233,2 бала, што прынесла ёй срэбраны медаль. Перамогу святкавала прадстаўніца Турцыі Ілайда Нур Чурук. Спаборніцтвы працягнуцца да 6 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя