BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дынама” саступіла “Спартаку” ў першым выязным матчы сезона

Хакеісты менскага “Дынама” пацярпелі першую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона-2024/25. Гасцявое турнэ падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава пачалі ў Маскве, дзе “зуброў” прымаў мясцовы “Спартак”. Старт сустрэчы лепш атрымаўся мінчанам – на восьмай хвіліне наперад гасцей вывеў зорны канадскі нападнік Дылан Дзюбэ, для якога гэтая шайба стала першай у форме “Дынама”. Асіставаў яму Вадзім Шыпачоў, які таксама набраў дэбютны бал за “зуброў”.

У сярэдзіне перыяду Раман Гарбуноў рэалізаваў большасць і падвоіў перавагу гасцей. На жаль, далей кантроль над гульнёй перайшоў да хакеістаў суперніка – у другім перыядзе гаспадары закінулі чатыры шайбы, дубль аформіў Міхаіл Мальцаў. У заключнай 20-хвілінцы форвард масквічоў закінуў трэцюю шайбу і ўсталяваў канчатковы лік – 5:2 на карысць “Спартака”. Выязная серыя менскага “Дынама” працягнецца 11 верасня матчам супраць “Віцязя” ў Балашысе.

Хет-трык Стэфановіча прынёс “Металургу” перамогу над “Брэстам” у экстралізе

Матчамі ў Гародні, Віцебску, Салігорску і Жлобіне ў панядзелак працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самую выніковую гульню панядзелка выдалі “Металург” і “Брэст”. Ключавую ролю ў гэтай сустрэчы адыграў нападнік жлабінчан Міхаіл Стэфановіч, які аформіў першы ў новым сезоне хет-трык – 6:3 на карысць чэмпіёнаў Беларусі. Першую перамогу ў чэмпіянаце здабыў і гарадзенскі “Нёман”, які на сваім лёдзе ўсухую абыграў наваполацкі “Хімік” – 2:0. На поўначы краіны хакеісты “Віцебска” разграмілі “Юнацтва” 3:0.
Асноўнага часу ў гэты вечар не хапіла толькі хакеістам “Шахцёра” і “Гомеля”. За 60 хвілін сустрэчы гледачы ў Салігорску не ўбачылі ніводнага дакладнага кідка, безгалявым атрымаўся і авертайм, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся “гарнякі”.

Герасімаў саступіў у 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Гуанчжоу

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў не выйшаў у другі раунд адзіночнага разраду турніру серыі ATP Challenger Tour у кітайскім Гуанчжоу з прызавым фондам 133 200 даляраў. У паядынку 1/16 фіналу беларус, які займае 257-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў у двух сэтах аргенцінскаму тэнісісту Федэрыка Аўгстыну Гомесу, у якога 177-я пазіцыя, – 4:6, 5:7.

Італьянцы выйгралі другі матч у Лізе нацый УЕФА

Футбалісты зборнай Італіі святкавалі другую вікторыю ў новым сезоне Лігі нацый УЕФА. У другім туры спаборніцтваў у групе А2 італьянцы абыгралі ў Будапешце ізраільцян з лікам 2:1. У іншым паядынку гэтага квартэта французы перамаглі ў Ліёне бельгійцаў – 2:0.
У групе В3 нарвежскія футбалісты перайгралі ў Осла аўстрыйцаў – 2:1. Зборная Славеніі разграміла ў Любляне каманду Казахстана – 3:0.
У групе С2 футбалісты Кіпра буйна прайгралі ў Ларнацы камандзе Косава – 0:4. У Бухарэсце румыны ўзялі верх над літоўцамі – 3:1.

Моладзевая зборная Беларусі згуляе з футбалістамі Славакіі на Кіпры

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі правядуць другі кантрольны паядынак на вучэбна-трэніровачным зборы на Кіпры,. Сёння каманда Сяргея Яромкі згуляе са славацкімі аднагодкамі. На мінулым тыдні беларусы саступілі моладзевай зборнай Кіпра з лікам 1:2. У складзе беларускай каманды вызначыўся Радзіён Пячура, які рэалізаваў пенальці. Сёлета беларускай “маладзёўцы” засталося правесці заключны паядынак адборачнай групы G чэмпіянату Еўропы з камандай Фарэрскіх выспаў (15 кастрычніка).

Беларускае Радыё Рацыя