Хакеісты менскага «Дынама» зноў не змаглі перапыніць серыю паразаў у КХЛ. У хатнім матчы супраць «Сочы», які прыехаў у Менск пасля дзевяці паразаў запар, «зубры» прапусцілі вырашальную шайбу літаральна за пяць секунд да канца. Па выніках двух перыядаў госці вялі 2:0. У трэцім адрэзку Сэм Энас скараціў адставанне, Вадзім Шыпачоў зраўняў лік, але ў апошнія секунды форвард «Сочы» Уільям Бітэн паставіў кропку — 3:2 на карысць гасцей. Гэта чацвёртая параза запар для «Дынама».
“Металург” зраўняў лік у серыі супраць “Гомеля”
Хакеісты «Металурга» вярнулі інтрыгу ў серыі з «Гомелем» у чвэрцьфінале плэй-оф беларускай экстралігі. У шостым матчы, які прайшоў у Жлобіне, гаспадары выйгралі з лікам 3:1. Ужо на 4-й хвіліне Сяргей Касціцын адкрыў лік, але праз 50 секунд Алег Качалоўскі аднавіў раўнавагу. Аднак пасля гэтага «рысі» больш не змаглі закінуць супернікам. Пераможныя шайбы на рахунку Багдана Пацехіна і Арцёма Лукаянава. Цяпер лік у серыі — 3:3, вырашальны матч пройдзе 20 сакавіка ў Гомелі.
Аляксей Протас усталяваў новы рэкорд Беларусі ў НХЛ
Аляксей Протас з «Вашынгтона» ўвайшоў у гісторыю беларускага хакея! У матчы супраць «Дэтройта» нападнік аддаў дзве галявыя перадачы, дапамог «Кэпіталз» выйграць 4:1 і абнавіў рэкорд па колькасці ачкоў за адзін рэгулярны сезон НХЛ сярод беларусаў — 61 (29+32). Протас пераўзышоў дасягненне Ягора Шаранговіча, які летась набраў 59 ачкоў. У той жа вечар Арцём Леўшуноў з «Чыкага» адзначыўся галявым пасам, а Уладзіслаў Калячонак з «Пітсбурга» таксама аддаў выніковую перадачу.
“Гродна-93” узначаліў турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты «Гродна-93» выйшлі на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі пасля чацвёртай перамогі запар. У выязным матчы супраць «Рубона» з Віцебска гарадзенцы перамаглі з лікам 80:72. Цяпер у «Гродна-93» 47 ачкоў пасля 27 гульняў, «Барысфен» ідзе другім з 45 ачкамі, а на трэцім месцы — «МІНСК» (42 ачкі).
Зборная Таджыкістана застанецца без асноўнага брамніка ў матчы з Беларуссю
Асноўны галкіпер зборнай Таджыкістана Рустам Яцімаў прапусціць таварыскі матч з Беларуссю праз траўму спіны, якую ён атрымаў падчас трэніровак у клубе «Растоў». Трэнерскі штаб вырашыў не рызыкаваць здароўем 26-гадовага футбаліста. Матч паміж Беларуссю і Таджыкістанам адбудзецца 20 сакавіка ў Душанбэ і пачнецца ў 14:00 па беларускім часе.
Беларуска будзе прадстаўляць УЕФА на чвэрцьфінале жаночай Лігі чэмпіёнаў
Святлана Грынкевіч атрымае адказную місію ад УЕФА на матчы чвэрцьфінала жаночай Лігі чэмпіёнаў паміж нямецкім «Вольфсбургам» і дзеючым пераможцам турніру — «Барселонай». Грынкевіч стала дэлегатам УЕФА яшчэ ў 2009 годзе і з тых часоў працавала на самых прэстыжных матчах — у Лізе чэмпіёнаў, Лізе Еўропы, а ў 2016 годзе стала першай жанчынай-дэлегатам на мужчынскім чэмпіянаце Еўропы.
Беларускае Радыё Рацыя