BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Дынама» ў апошнім матчы перад плэй-оф абыграла «Спартак»

Хакеісты менскага «Дынама» ў апошнім матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ абыгралі ў Маскве «Спартак» – 4:2. Дынамаўцы ў выніку занялі ў Заходняй канферэнцыі восьмае месца. У першым раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына менскае «Дынама» сустрэнецца з маскоўскімі дынамаўцамі, якія занялі першае месца ў канферэнцыі. Бліжэйшы паядынак – 1-га сакавіка ў Маскве. У рэгулярным чэмпіянаце КХЛ менчукі чатыры разы сустракаліся з супернікам і ўсе матчы прайгралі.

Жлобінскі «Металург» закрыў рэгулярны чэмпіянат экстралігі сяміматчавай пераможнай серыяй

Шэсць з дванаццаці каманд беларускай хакейнай экстралігі ў панядзелак правялі заключныя матчы ў рэгулярным чэмпіянаце сезона. У апошнім туры ў Жлобіне сышліся фіналісты папярэдняга розыгрышу: «Металург» і «Нёман». Як вынік – 4:3 на карысць дзейных чэмпіёнаў. Для жлабінчан гэтая гульня стала 12-й запар з набранымі ачкамі, за гэты перыяд «ваўкі» выйгралі 11 матчаў і ўсяго аднойчы саступілі па булітах «Юнацтва».
Менавіта з менчукамі «Металург» сустрэнецца ў першым раундзе плэй-оф, «Нёман» чакае серыя да чатырох перамог з «Гомелем». «Рысі» адкрыта правалілі канцоўку рэгулярнага чэмпіянату, прайграўшы восем з дзевяці апошніх матчаў. На гэты раз паўднёўцы былі бітыя на сваім лёдзе «Віцебскам» 5:4. У Лідзе мясцовы клуб разабраўся з «Магілёвам» 4:2.

Жодзіна другі раз прыме фінал футбольнага Кубка Беларусі

Фінальны паядынак 33-га розыгрышу Кубка Беларусі па футболе адбудзецца ў Жодзіне. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні выканкама асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Вырашальны матч чарговага кубкавага розыгрышу адбудзецца 25 траўня на полі жодзінскага стадыёна «Тарпеда». Жодзіна стане гаспадаром фіналу другі раз – упершыню ён прайшоў там у 2013 годзе, калі футбалісты «Мінска» адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці сталічнае «Дынама». У гэтым сезоне ў ліку суіскальнікаў трафея засталося восем клубаў, якія дабраліся да чвэрцьфінальнай стадыі. Дзеючыя ўладальнікі Кубка краіны футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» двойчы сустрэнуцца з салігорскім «Шахцёрам», чэмпіён Беларусі менскае «Дынама» згуляе з барысаўскім БАТЭ, гарадзенскі «Нёман» будзе супернічаць з «Мінскам», а футбалісты «Віцебска» паспрачаюцца за выхад у паўфінал з «Іслаччу» з Менскага раёна.

«Мяшкоў Брэст» перамог гандбалістаў «Машэкі» ў першым чвэрцьфінале SEHA-лігі

«Мяшкоў Брэст» разграміў гандбалістаў «Машэкі» ў госцевым чвэрцьфінале SEHA-лігі. На пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу «Алімпіец» дзейныя чэмпіёны лігі поўнасцю кантралявалі ход сустрэчы і ў выніку выйгралі – 34:20. Паядынак у адказ за трапленне ў «Фінал чатырох» адбудзецца ў Берасці 4 сакавіка.

Зячэвіч развітаўся з «Мінскам»

Баскетбольны клуб «Мінск» і цэнтравы Аляксандр Зячэвіч спыняюць супрацоўніцтва па пагадненні бакоў, як інфармуе афіцыйны сайт клуба.
Аляксандр далучыўся да каманды ў лістападзе 2023 года. У складзе «Мінск» цэнтравы прыняў удзел у 17 гульнях Адзінай Лігі ВТБ з сярэдняй статыстыкай у 8.7 ачка, 4.4 падбору, 0.8 перадачы крыху менш чым за 17 хвілін на пляцоўцы ў сярэднім за гульню.

Беларускае Радыё Рацыя