Хакеісты менскага “Дынама” няўдала завяршылі чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прайгралі ніжагародскаму “Тарпеда” 1:2. Першая ж атака гаспадароў у гэтым матчы апынулася галявой: Аляксандр Волкаў ўжо на 22-й секундзе сустрэчы засмуціў беларускага галкіпера гасцей Івана Кульбакова. Захаваць лідарства да перапынку ў мінчан не атрымалася – супернікі зраўнялі лічбы за хвіліну да заканчэння стартавай трэці. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе поспех быў на баку хакеістаў з Ніжняга Ноўгарада. Фінальны лік – 1:2 не на карысць “Дынама”. У хатняй серыі “зубры” набралі пяць ачкоў з васьмі магчымых і захавалі за сабой восьмае месца на Захадзе.
“Дынама-Маладзечна” абыграла “Віцебск”
Трыма матчамі ў Маладзечне, Баранавічах і Смаленску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі сезона-2024/25. Лідыруючае ў турнірнай табліцы “Дынама-Маладзечна” прымала “Віцебск”, які ідзе на трэцяй пазіцыі. “Віцебск” выратаваўся прайграючы 3:5 дзякуючы хет-трыку Мікіты Ядраеца. Авертайм пераможцу не выявіў, а ў серыі пасляматчавых кідкоў больш дакладнымі апынуліся гаспадары – 6:5. Такім чынам, “Дынама-Маладзечна” ўзяло рэванш у “Віцебска” за разгромную паразу ў панядзелак 0:5. Паралельна да булітаў дагуляліся і “Славуціч” з “Лакаматывам” – тут поспех з лікам 2:1 святкаваў клуб са Смаленска. Таксама сёмую вікторыю ў васьмі апошніх матчах здабыў гарадзенскі “Нёман”: падначаленыя Яўгена Летава другі раз за тры дні справіліся з “Авіятарам” 5:3. Каманда з Баранавічаў да гэтага часу не можа разжыцца першай перамогай у чэмпіянаце, у пасіве ў “лётчыкаў” 22 паразы запар.
Протас зарабіў два бамбардзірскія балы, але “Вашынгтон” прайграў “Таронта”
Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас зарабіў два бамбардзірскія балы, але яго каманда саступіла хакеістам “Таронта” ў хатнім паядынку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. У канцы першага перыяду беларус асіставаў Дылану Строуму пры другім узяцці брамкі гасцей, а незадоўга да заканчэння другой трэці матча Протас закінуў трэцюю шайбу. Аднак госці за 50 секунд да заканчэння трэцяга перыяду здолелі зраўняць лік, а ў авертайме вырвалі перамогу 4:3. Аляксей Протас правёў на лёдзе 17,5 хвілін пры паказчыку карыснасці +1. У 15 матчах гэтага сезона ён набраў 15 ачкоў, закінуўшы 6 шайбаў і аддаўшы 9 выніковых перадач. Цяпер у хакеістаў “Вашынгтона” 21 ачко ў 15 паядынках, і яны знаходзяцца на 5-м месцы ў турнірнай табліцы Усходняй канферэнцыі.
“Мяшкоў Брэст” выйграў дзесяты матч у чэмпіянаце Беларусі па гандболе
Пасля міжнароднай паўзы аднавіліся матчы мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе. Лідар турніру “Мяшкоў Брэст” святкаваў дзясятую вікторыю запар, абыграўшы на выездзе сталічны БДУФК-СКА-РГУАР 35:28. Галоўны канкурэнт чэмпіёнаў краіны менскі СКА сустракаўся ў Гародні з мясцовым “Кронанам” і выйграў 36:25. Яшчэ ў адным паядынку гандбалісты “Гомеля” перамаглі на сваёй арэне “Машэку” з Магілёва – 28:25.
Футбалісты зборнай Беларусі адправіліся ў Белфаст на гульню Лігі нацый з паўночнаірландцамі
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі адправіліся ў Белфаст на перадапошні матч Лігі нацый УЕФА. Галоўны трэнер беларускай каманды Карлас Алос уключыў у канчатковы спіс 23 гульца. У тым ліку абаронцаў Сяргея Карповіча і Ягора Пархоменку з гарадзенскага “Нёмана”, нападніка берасцейскага “Дынама” Германа Баркоўскага і польскай “Кароны” Яўгена Шыкаўку. У пятніцу ў матчы 5-га тура беларусы згуляюць у Белфасце са зборнай Паўночнай Ірландыі, а 18 лістапада ў Сафіі завершаць групавы этап сустрэчай з балгарамі.
Беларускае Радыё Рацыя






