Футбалісты менскага “Дынама” выйшлі ў плэй-оф Лігі Еўропы. Там іх чакае сур’ёзны супернік — бельгійскі “Андэрлехт”. У выпадку няўдачы беларускі клуб згуляе ў групе Лігі канферэнцый.
У 3-м раўндзе адбору еўракубка пасля перамогі ў Венгрыі на нейтральным полі над гібралтарскім “Лінкальнам” 2:0, дынамаўцы ў Гібралтары прайгралі 1:2. І прайшлі далей. Такім чынам, каманда стала першым беларускім клубам за шэсць гадоў, які забяспечыў сабе восеньскую стадыю еўракубкаў. Папярэдні раз у еўравосень выходзіў барысаўскі БАТЭ.
Валадзько блізкі да пераходу ў “Макслайн”
Абаронца Максім Валадзько можа працягнуць кар’еру ў першай лізе чэмпіянату Беларусі ў “Макслайне”. Аб гэтым паведамляе Betnews. 31-гадовы футбаліст знаходзіцца ў статусе вольнага агента з ліпеня, калі пакінуў мальтыйскую “Фларыяну”.
Да гэтага ён выступаў за андорскую «Санта-Калому», расейскія «Арсенал» і «Тамбоў», беларускія БАТЭ і СКВІЧ. Валадзько – 8-разовы чэмпіён Беларусі ў складзе БАТЭ, двухразовы ўладальнік Кубка краіны, удзельнік групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў. На яго рахунку 16 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі, у якіх ён аформіў 1+1 па сістэме “гол+пас”.
“Мяшкоў Брэст” і “Зеніт” перамаглі на старце Кубка Белгазпрамбанка
У Берасці пачаўся 16-ы розыгрыш Кубка Белгазпрамбанка, у якім бяруць удзел гандбольныя каманды з Беларусі і Расеі. У стартавым паядынку на паркеце спарткомплексу “Вікторыя” другая зборная Беларусі, у складзе якой пад кіраўніцтвам Юрыя Шаўцова гуляюць перспектыўныя маладыя гульцы, ва ўпартай барацьбе саступіла “Зеніту” з Санкт-Пецярбурга з розніцай у пяць мячоў – 33:38.
У другім матчы дзейны пераможца гэтых спаборніцтваў “Мяшкоў Брэст” перайграў чэмпіёна Расеі маскоўскі ЦСКА з лікам 27:23.
“Брэст” з паразы стартаваў на Еўра-Азіяцкім Кубку Дружбы па хакеі
У сталіцы Узбекістана Ташкенце стартаваў папярэдні этап міжнароднага хакейнага турніру “Еўра-Азіяцкі Кубак Дружбы”.
На папярэднім этапе турніру выступаюць чатыры каманды – ташкенцкі “Хумо”, віцэ-чэмпіён Усерасейскай хакейнай лігі АКМ з Тулы, чэмпіён Казахстана “Арлан” з Какшатаў, а таксама хакейны клуб “Брэст”. У стартавым матчы Кубка Дружбы берасцейцы сустрэліся з гаспадарамі пляцоўкі хакеістамі «Хумо»і разгромна прайгралі 2:7 – у складзе берасцейцаў закінутымі шайбамі адзначыліся Уладзіслаў Мартынюк і Павел Баярчук.
У Цынцынаці Сабаленка сустрэнецца з украінкай Світолінай
Трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка выйграла стартавы паядынак на турніры ў амерыканскім Цынцынаці. У 1/16 фіналу беларуская тэнісістка сустракалася з італьянкай Элізабетай Качарэта і перамагла — 6:3, 6:4. Іх гульня працягвалася паўтары гадзіны. Наступная суперніца — украінка Эліна Світоліна. Яны згуляюць сёння. Як вядома, раней Вікторыя Азаранка знялася з турніру з-за траўмы.
Беларускае Радыё Рацыя






