BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзмітрук перамагла на турніры ў Партугаліі

Беларуская тэнісістка, 371-я ў сусветным рэйтынгу, Крысціна Дзмітрук за два сэты перамагла 346-ю ракетку планеты Ясмін Мансуры з Францыі ў матчы фіналу турніру ў партугальскім Квінта-да-Лага на хардавым корце. Лік сустрэчы 6:4, 6:3. Гульня працягвалася адну гадзіну і 18 хвілін.

Гол Доўбіка прынёс нічыю Украіне ў матчы з чэхамі

Зборная Украіны на нейтральным полі ва Ўроцлаве згуляла ўнічыю з камандай Чэхіі ў матчы групавога турніру Лігі нацый – 1:1. На гол Лукаша Чарва з гульні ўкраінцы адказалі мячом з пенальці ў выкананні Арцёма Доўбіка. Чэхі з сямю ачкамі ўзняліся на першае месца ў табліцы, ва Украіны чатыры балы і апошняя пазіцыя. Зборная Францыі на чужым полі перамагла каманду Бельгіі – 2:1. У «трохкаляровых» дублем адзначыўся Рандаль Кало Муані, у складзе гаспадароў вызначыўся Лоі Апенда, а Юры Цілеманс не рэалізаваў пенальці. У сярэдзіне другога тайма за другое папярэджанне быў выдалены паўабаронца французаў Арэльен Чуамені. У іншай сустрэчы групы італьянцы, якія ўзначальваюць табліцу, разграмілі ізраільцян 4:1. Зборная Германіі на сваім полі перамагла каманду Нідэрландаў – 1:0. Адзіны мяч на 64-й хвіліне забіў Джэймі Левелінг. Немцы ўпэўнена ўзначальваюць табліцу з 10 ачкамі, нідэрландцы і венгры, якія адолелі ў паралельнай сустрэчы баснійцаў 2:0, маюць у актыве па пяць балаў. Зборная Грузіі, якая стала адной з галоўных сенсацый EURO у Германіі, на хатняй арэне саступіла камандзе Албаніі – 0:1.

Беларускія футбалісты згуляюць з Люксембургам у Лізе нацый

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць чарговы матч групавога этапа Лігі нацый. Сёння ў гульні чацвёртага тура групы С3 у венгерскім горадзе Залаэгерсег беларусы сустрэнуцца з камандай Люксембурга (пачатак гульні ў 21.45 па беларускім часе). Гэтую сустрэчу будзе судзіць турэцкая брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Атыла Карааглан. У матчы першага круга беларусы абыгралі люксембуржцаў на іх полі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны мяч забіў Валерый Грамыка. Акрамя таго, беларускія футбалісты яшчэ два паядынкі завяршылі з аднолькавым лікам 0:0 – з камандамі Балгарыі і Паўночнай Ірландыі. У другім матчы групы паўночнаірландцы прымуць у Белфасце балгараў. Два заключныя матчы зборная Беларусі правядзе на выездзе: 15 лістапада ў Белфасце і 18 лістапада ў Плоўдзіве.

З Шымановічам і Шкурдай – пяць беларускіх плыўцоў выступяць на этапе Кубка свету

Пяць беларускіх атлетаў прымуць удзел у першым этапе Кубка свету па плаванні ў 25-метровым басейне. Спаборніцтвы пройдуць з 18 па 20 кастрычніка ў Шанхаі. У складзе беларускай каманды выступяць Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Рыгор Пякарскі і Анастасія Куляшова. Кубак свету з’яўляецца кваліфікацыйным да чэмпіянату свету на кароткай вадзе, які ў снежні прыме Будапешт.

У Гародні стартаваў турнір па баскетболе на прызы Івана Ядэшкі

У Гародні далі старт турніру па баскетболе на прызы Алімпійскага чэмпіёна Івана Ядэшка сярод каманд юнакоў 2011 года нараджэння і маладзейшых. Удзел у спаборніцтвах бяруць каманды з Гародні, Гомеля, Менска і Масквы. Вітаў юных баскетбалістаў легенда баскетбола Іван Ядэшка. У час цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў алімпійскі чэмпіён разам з адным з юных спартоўцаў інтэрпрэтавалі яго легендарны пас, які тады быў аддадзены праз усю пляцоўку і прынёс зборнай СССР золата Алімпійскіх гульняў 1972 года ў Мюнхене. Спаборніцтвы будуць праходзіць з 14 па 16 кастрычніка на паркеце вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя