У Мельбурне стартавалі кваліфікацыйныя матчы першага ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема».
У жаночым адзіночным разрадзе за выхад у асноўную сетку будуць змагацца Аляксандра Сасновіч і Алена Фалей. Без удзелу ў кваліфікацыі на турніры выступяць першая ракетка свету і мінулагодняя чэмпіёнка Australian Open Арына Сабаленка, а таксама Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 22-е месца ў сусветным рэйтынгу.
Беларускі форвард Мельнічэнка можа перайсці ў партугальскі «Порту»
18-гадовы нападнік менскага «Дынама» Трафім Мельнічэнка можа стаць гульцом аднаго з самых вядомых клубаў Партугаліі — «Порту». Паводле інсайдараў, партугальскі клуб ужо даслаў афіцыйную прапанову на 350 тысяч еўра. Цяпер малады футбаліст перапыніў адпачынак і рыхтуецца прайсці медагляд у «Порту». У мінулым сезоне Мельнічэнка правёў 37 матчаў за мінчукоў, забіў тры мячы і зрабіў пяць асістаў.
Аляксандр Сяднеў узначаліць берасцейскае «Дынама»
Беларускі трэнер Аляксандр Сяднёў, які раней працаваў у казахстанскім «Ардабасы», стане новым галоўным трэнерам берасцейскага «Дынама». Падпісанне кантракта плануецца 10 студзеня. Нагадаем, у Казахстане Сяднёў прывёў «Ардабасы» да перамогі ў Кубку краіны і тытулу чэмпіёна.
Беларускія гандбалісты рыхтуюцца да матчаў з расейцамі
Нацыянальная зборная Беларусі па гандболе правядзе таварыскія сустрэчы са зборнай Расеі ў Маскве. Галоўны трэнер Юрый Шаўцоў запрасіў на матчы 18 гульцоў, сярод якіх прадстаўнікі беларускіх, еўрапейскіх і расейскіх клубаў. Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года беларусы ўжо сустракаліся з расейцамі і перамаглі іх з мінімальнай розніцай.
Пераможная серыя менскага «Дынама» завершана
Чатырохматчавая пераможная серыя хакеістаў менскага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе падышла да канца. У першым хатнім паядынку гэтага года менчукі саступілі ніжагародскаму «Тарпеда» з лікам 2:4. Шайбы ў складзе «зуброў» закінулі Вадзім Шыпачоў і Ягор Борыкаў. Цікава, што некалькі дзён таму менчукі ўпэўнена перамаглі таго ж суперніка на яго лёдзе — 3:0. Ужо 7 студзеня «Дынама» сустрэнецца на сваёй пляцоўцы з маскоўскім ЦСКА, які займае другое месца ў Заходняй канферэнцыі. Менчукі зараз трымаюцца на шостай пазіцыі.
Жлобінскі «Металург» у фінале Кубка Дружбы
Хакеісты жлобінскага «Металурга» выйшлі ў фінал Еўра-Азіяцкага Кубка Дружбы, які праходзіць у Туле. У паўфінальным матчы жлабінчане перамаглі ташкенцкі «Хумо» ў авертайме з лікам 4:3. Вырашальны матч адбудзецца 7 студзеня.
Аляксей Коласаў застаўся ў запасе ў матчы «Філадэльфіі» супраць «Таронта»
У матчы НХЛ «Філадэльфія» саступіла «Таронта» ў авертайме з лікам 2:3. Беларускі брамнік Аляксей Коласаў не з’явіўся на лёдзе, застаўшыся ў запасе. У гэтым сезоне Коласаў прыняў удзел у 15 матчах, маючы каэфіцыент надзейнасці 87%. «Філадэльфія» займае 12-е месца ва Усходняй канферэнцыі.
Люк Тардзіф: Лёс зборных Беларусі і Расеі вызначыцца ў лютым
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Люк Тардзіф заявіў, што рашэнне пра ўдзел зборных Беларусі і Расеі ў міжнародных турнірах будзе прынятае ў наступным месяцы. Паводле яго слоў, федэрацыя спадзяецца на хуткае вяртанне каманд, бо гэта будзе азначаць заканчэнне вайны. Аднак галоўны прыярытэт, паводле яго слоў — бяспека гульцоў.
Беларускае Радыё Рацыя