У рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ менскае “Дынама” ў гасцях перамагло пецярбургскі СКА. Лік у матчы быў адкрыты хакеістамі гасцей – на экватары сустрэчы вызначыўся беларускі форвард «Дынама» Раман Гарбуноў. Аднавіць парытэт гаспадарам удалося толькі ў сярэдзіне трэцяга перыяду, калі закінутай шайбай вызначыўся Алекс Гальчанюк. Толькі за секунду да канца авертайму амерыканец Сэм Энас здолеў рэалізаваць большасць, дзякуючы чаму «Дынама» святкавала перамогу 2:1. Менскае “Дынама” пасля 53 гульняў з 53 ачкамі займае 8-е месца на “Захадзе”. СКА ўжо забяспечыў сабе месца ў плэй-оф і з 73 баламі ідзе на трэцяй пазіцыі.
“Гомель” саступіў “Зеніту” і далей на апошнім месцы ў СЕХА-лізе
У групе “А” гандбольнай СЕХА-лігі адбыўся паядынак з удзелам беларускага клуба. “Гомель” на хатняй арэне саступіў “Зеніту” – 28:36. “Гомель” мае ў актыве 0 ачкоў пасля 7 матчаў і ідзе на апошнім месцы. “Зеніт” займае трэцюю пазіцыю з 9 баламі пасля 7 сустрэч.
Ісланды перамаглі харватаў на чэмпіянаце Еўропы
У рамках другога этапа на чэмпіянаце Еўропы па гандболе ў Германіі зборная Ісландыі апынулася мацней за Харватыю — 35:30. Зборная Германіі абыграла каманду Венгрыі з лікам 35:28. Францыя ўзначальвае групу маючы 8 ачкоў, у Германіі, Венгрыі і Аўстрыі па 4, у ісландцаў 2, у харватаў адно ачко.
“Арыс” Шпілеўскага перамог на чэмпіянаце Кіпра
У матчы 20-га тура чэмпіянату Кіпра па футболе «Арыс» на хатняй арэне перамог «Анартосіс». Падначаленыя Аляксея Шпілеўскага дзякуючы голу Савы выйгралі з лікам 2:1. “Арыс” з 41 ачком падняўся на другое месца ў турнірнай табліцы. «Анартосіс» з 40 баламі размясціўся на трэцяй пазіцыі.
Гаўф стала першай паўфіналісткай адкрытага чэмпіянату Аўстраліі
Амерыканская тэнісістка Коры Гаўф стала першай паўфіналісткай адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, адолеўшы ў чвэрцьфінальным матчы прадстаўніцу Украіны Марту Касцюк — 7:6 (8:6), 6:7 (3:7), 6:2. У паўфінале Коры Гаўф сустрэнецца з пераможцай пары Барбара Крэйчыкава (Чэхія) — Арына Сабаленка (Беларусь). У мінулым годзе пераможцай спаборніцтваў стала Арына Сабаленка, якая абыграла ў фінале Алену Рыбакіну з лікам 4:6, 6:3, 6:4.
“Інтэр” выграў Суперкубак Італіі
У вырашальным паядынку за Суперкубак Італіі “Інтэр” з мінімальным лікам узяў верх над “Напалі” — 1:0. Адзіны гол у матчы ў канцоўцы забіў Лаўтара Марцінэс. «Напалі» з 60-й хвіліны гуляў удзесяцёх пасля выдалення Сімяонэ за другую жоўтую картку.
Памёр найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай Італіі Луіджы Рыва
22 студзеня, памёр былы форвард зборнай Італіі і «Кальяры» Луіджы Рыва. Італьянца не стала на 79-м годзе жыцця. Ён быў шпіталізаваны з уласнага дома з-за праблем з сэрцам. Рыва – найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай Італіі. На яго рахунку 35 галоў у 42 матчах. Ён з’яўляецца чэмпіёнам Еўропы 1968 і віцэ-чэмпіёнам свету 1970-га. Рыва з’яўляецца выхаванцам «Ляньяга», але на працягу 15 гадоў выступаў за «Кальяры», з якім у сезоне 1969/70 выйграў чэмпіёнства. Ён – найлепшы бамбардзір у гісторыі клуба з 207 галамі.
Беларускае Радыё Рацыя






