
Учора, 14 кастрычніка, былі згуляныя заключныя 8 матчаў кастрычніцкага цыклу еўрапейскага адбору на чэмпіянат свету па футболе 2026 года. І вось іх вынікі:
Каманда Эстоніі згуляла ўнічыю 1:1 з Малдовай. Андора саступіла Сербіі з лікам 1:3. Прычым лік у гульні спачатку адкрылі андорцы, пасля яны ж лік параўнялі, забіўшы ў сваю браму, ну а далей забівалі ўжо сербы. Гішпанія разграміла Балгарыю з лікам 4:0. Ірландыя з мінімальным лікам 1:0 перайграла Арменію. Латвія ў Рызе была разгромленая Англіяй з лікам 0:5. Родапачынальнікі футбола гарантавалі сабе выхад на чэмпіянат свету. Каманда выйграла ўсе 6 матчаў, набрала 18 ачкоў і гарантавала сабе першае месца ў групе, якое дае прамы выхад у фінальную частку. Другой на дадзены момант ідзе Албанія, у якой 11 ачкоў. За два туры да канца ў албанцаў няма шанцаў узняцца на першую пазіцыю.
Партугалія і Венгрыя ў Лісабоне згулялі ўнічыю 2:2. Прычым спачатку на 8 хвіліне лік адкрылі венгры, пасля дублем адзначыўся 40-гадовы Крышціяну Раналду, а пасля на 91 хвіліне венгры лік параўнялі. Раналду забіў свой 144-ы гол за зборную Партугаліі ў 225-ці матчах за каманду. Таксама Крышцiяну стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі кваліфікацыі ЧС. На яго рахунку 41 гол у адборах на мундыялі, што з’яўляецца новым рэкордам. Турцыя з буйным лікам 4:1 перамагла Грузію. І з такой самай розніцай мячоў 3:0 каманда Італіі была мацней за зборную Ізраіля.
Працягваюць вызначацца ўдзельнікі мундыяля наступнага года на іншых кантынентах. Гэтым разам пуцёўку на чэмпіянат свету 2026 года заваявала зборная Катара. У матчы 3-га тура азіяцкай кваліфікацыі каманда Хулена Лапетэгі абыграла зборную Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 2:1 і гарантавала сабе першае месца ў групе А. Да гэтага Катар толькі аднойчы браў удзел у чэмпіянаце свету, калі прымаў турнір у 2022 годзе.
У першым раўндзе кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы па футболе 2026 года сярод юнакоў да 17 гадоў уключна ў групе 5 зборная Беларусі разграміла сваіх аднагодкаў з Малдовы з лікам 6:0. 4 галы нашымі хлопцамі былі забітыя яшчэ ў першым тайме, і яшчэ два ўжо пад занавесь гульні. Пакуль пасля трох матчаў нашая каманда з 3 ачкамі ідзе на трэцім месцы. На другім месцы, якое дае права на праход у другі раўнд, ідзе каманда Нарвегіі, у якой на 1 пункт болей. І на першым – зборная Бельгіі з 9 ачкамі.
24 кастрычніка адбудзецца лёсаванне Еўра-2026 па футзале.
Зборная Беларусі будзе знаходзіцца ў 3-м кошыку. Таксама з трэцяга кошыка пачнуць свой шлях на турніры каманды Польшчы, Грузіі і Арменіі. У першым кошыку знаходзяцца зборныя Партугаліі, Гішпаніі, Украіны і Францыі, у другім – Харватыя, Італія, Славенія і Чэхія, у чацвёртым – Бельгія, Венгрыя, Латвія і Літва. Нагадаем, што зборная Беларусі будзе разведзеная па розных групах са зборнымі Украіны, Латвіі і Літвы.
Учора былі згуляныя заключныя матчы 14 тура рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай Экстралігі.
«Магілёў» прайграў «Віцебску» з лікам 0:5.
«Авяітар» у Баранавічах саступіў «Дынама-Маладэчна» з лікам 1:2.
«Ліда» на сваёй пляцоўцы разграміла жлобінскі «Металург» з лікам 9:3. Прычым у трэцім перыядзе з лікам 5:2. А 9-ю шайбу «рыцары» закінулі, гуляючы ў меншасці.
І такім чынам «Дынама-Маладэчна» і «Ліда» з 26-ю ачкамі працягваюць дзяліць лідарства ў турнірнай табліцы.
Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларусаў.
«Каларада» Іллі Салаўёва перамог «Бафала» з лікам 3:1. Беларус правёў на пляцоўцы 12:04, зрабіў 3 кідкі, ужыў 2 сілавыя прыёмы, заблакаваў 2 кідкі суперніка, дапусціў 1 страту і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0». А таксама «Чыкага» Арцёма Леўшунова абыграў «Юту» з аналагічным лікам 3:1. Беларус правёў на лёдзе 15:54 (з іх 3:01 у большасці і 0:10 у меншасці), нанёс 1 кідок, ужыў 2 хіты, дапусціў дзве страты і зарабіў паказчык карыснасці «+1». У сезоне ў 19-гадовага хакеіста 1 (0+1) бал у 3 гульнях, пры паказчыку карыснасці «+2».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






