BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Аўстрыя стала першай у групе D!

У аўторак, 25 чэрвеня, завяршылі сваю праграму каманды групы D. Расклад перад заключным турам быў ясным: Нідэрлянды, Францыя і Аўстрыя змагаліся за ачкі і размяркоўвалі квіткі і больш зручныя месцы ў плэй-оф, а Польшча змагалася за гонар

Матч у Берліне пачаўся з атакаў аўстрыякаў і гэта прынесла хуткія плады ў выглядзе самастрэлу Малена ўжо на 6-й хвіліне. Той жа Мален “запароў” адзіны голавы момант “аранье” у першым тайме, не рэалізаваўшы выхад сам насам. У цэлым жа каманда Рональда Кумана глядзелася вельмі блякла. Хутчэй Аўстрыя была бліжэй да падваення ліку і на перапынак менавіта яна пайшла на першым месцы ў групе.

Другая палова мела куды больш фестывальны характар. “Аранжавыя” вельмі хутка пасля свістка адыграліся. Але потым Рамана Шмід зноў вывеў наперад “Остэррайх”. У такой сітуацыі трэнерскі штаб каманды з краіны цюльпанаў быў змушаны рабіць замены. Выйшаўшы з лаўкі джокер Вегхарст неўзабаве асіставаў Дэпаю, які трапным стрэлам зноў параўняў лічбы на табло. І ўсё ж апошняе важкае слова засталося за капітанам аўстрыякаў Марсэлем Забітцэрам. У выніку Аўстрыя для многіх нечакана першынствавала ў групе.

Нідэрлянды – Аўстрыя – 2:3 (Кодзі Гакпо, 47-я, Мемфіс Дэпай, 75-я, Доньел Мален, 6-я, аўтагол, Рамана Шмід, 59-я, Марсэль Забітцэр, 85-я).

Матчу Францыя – Польшча ў Дортмундзе папярэднічала цікавая статыстыка. “Трохкаляровыя” ажно з 2006 году на топ-турнірах не маглі выйграць аніводнага з трэціх сваіх матчаў. Польская рэпрэзентацыя абнавіла свой склад, а сама галоўная змена – у стартавым складзе на браме з’явіўся Лукаш Скарупскі. Менавіта ён стаў асноўным героем першага тайму, ліквідаваўшы ўсе пагрозы Мбапэ і кампаніі. У складзе Францыі востра бракавала незаменнага Антуана Грызмана.

Пасля антакту на полі з’явіліся і Грызман і лепшы снайпер у гісторыі Францыі Аліўе Жыру. Але “прабіць” Скарупскага камандзе Дэшама ўдалося толькі з пенальці (Ківёр літаральна “скасіў” Дэмбеле), які рэалізаваў Кіліян Мбапэ.

Польшча таксама зарабіла свой 11-мятровы, калі парушылі правілы супраць Караля Свідэрскага. Левандоўскі ажно двойчы выконваў гэты карны, паколькі пры першай спробе Меньян заранёў выйшаў з лініі і адбіў мяч. Другі падыход лідара польскай рэпрэзентацыі быў больш удалым. Далей “бялэ-чэрвоны” здолелі ўтрымаць пачэсную нічыю. А статыстыка, пра якую казалася ў пачатку, зноў спраўдзілася.

Францыя – Польшча – 1:1 (Кіліян Мбапэ, 56-я, з пенальці; Роберт Левандоўскі, 79-я з пенальці

Выніковае становішча ў квартэце: 1. Аўстрыя – 6 ачкоў, 2. Францыя – 5, 3. Нідэрлянды – 4, 4. Польшча – 1.