BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Англія выйшла ў чвэрцьфінал

30 чэрвеня першымі ў Гельзенкірхене спаборнічалі Англія і Славакія. Дагэтуль яны сустракаліся 6 разоў і ў гэтых матчах 5 вікторый пра адной нічыёй дамагаліся брытанцы.

Дэбют нечакана для многіх выйгралі ўсходнееўрапейцы – славакі стварылі некалькі пагрозаў браме Пікфарда, а каманда “трох ільвоў” на 17-й хвіліне мела ўжо тры жоўтыя карткі ў пасіве. Гары Саўтгейт выпусціў у старце дзве ноыя фігуры – Гуеі і Майну, але яны абсалютна не ўражвалі.

Славакі менш валодалі мячом, але распараджаліся ім намнога талковей. Таму гол Івана Шранца на 25-й хвіліне цалком укладаўся ў логіку гульні. Нападнік пражскай “Славіі” стаў сапраўдным адкрыццём турніру – гэта быў ужо 3-і яго выніковы ўдар на гэтым Еўра.

Англія пасля такога павароту падзей некалькі хвілін увогуле не ведала што рабіць з мячом, і толькі ў канцоўцы першага тайму крыху прыціснулі апанентаў “да канатаў”.

Неўзабаве пасля перапынку мяч пабываў у сетцы Марціна Дубраўкі, але VAR зафіксаваў афсайд і ануляваў гол. Славакі маглі вызначыцца калі Стрэлец накіроўваў мяч з цэнтра поля пасля перахопу, але крыху спудлаваў.

Варта прыгадаць яшчэ стрэл у штангу Райса, але ў брытанцаў пры вялікай тэрытарыяльнай перавазе не было нават удараў у раму брамы славакаў.

І толькі на 95-й хвіліне пасля аўту Джуд Белінгем эфектнымі “нажніцамі” параўняў лік, перавёўшы гульню ў дадатковыя таймы.

А ўжо ў самым пачатку дадатковага часу лепшы бамбардзір Англіі Хары Кейн ястрабам прыляцеў у брамніцкую Славакіі і галавой закалаціў мяч у сетку.

Адыграцца самай узроставай камандзе чэмпіянату ўжо не ўдалося. Але славакі пакідаюць Еўра з высокаўзнятай галавой.

Англія – Славакія – 2:1 (Іван Шранц, 25-я: Джуд Белінгем (90+5, Хары Кейн, 91-я).