BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Іспанія ў чвэрцьфінале перамагла Германію

Матч 1/4-й фіналу паміж Іспаніяй і Германіяй многія называлі датэрміновым фіналам. Прыпомнім тут, што ў фінале Еўра-2008 у Вене Іспанія выйграла ў Нямеччыны з лікам – 1:0.

Каманды выставілі баявыя склады, у бундэсманшафт была толькі адна замена – у старце Андрыха замяніў Эмрэ Джан. Пачатак сустрэчы ў Штутгарце быў азмрочаны стратай у складзе “фурыі рохі” крэатыўнага Педры. І вінаваты ў гэтым быў у значнай ступені брытанскі суддзя Энтані Тэйлар. Ён не надаў належнай увагі ў выглядзе жоўтай карткі бруднаму фолу Тоні Кроса, пасля чаго і здарыўся чарговы аналагічны эпізод – менавіта Крос “паламаў” Педры, а арбітр зноў дзіўным чынам не зрэагаваў.

У першым тайме іспанцы дамінавалі і часцей білі па браме суперніка, немцы перыядычна адказвалі сваімі контраргументамі. Але на перапынак пайшлі пры нулях на табло.

А на 51-й хвіліне пірэнейцам удалася выніковая атака – Ямал зрабіў ідэальную перадачу на Дані Ольма і той філігранна завяршыў камбінацыю. Адразу пасля гэтага гульня раскрылася і зайграла іскрыстымі фарбамі. Нагельсман увёў свежыя рэзервы ў асобах Андрыха, Вірца і Фюлькруга. Дэ ла Фуэнта сваім парадкам перастаўляў свае “фігуры”.

Іспанцы контратакавалі востра, але падвоіць перавагу не маглі. На 77-й хвіліне нямецкі форвард Ніклас Фюлькруг трапіў у штангу. На 82-й Унай Сімон памыліўся з уводам мяча ў гульню, але Хаверц, перакідваючы галкіпера, запусціў снарад вышэй папярэчыны. Але на 89-й хвіліне германцы ўсё ж дамагліся раўнавагі – пасля скідкі партнэра Вірц прабіў ад штангі ў сетку – 1:1.

У дадатковы час было таксама не сумна. У адным з эпізодаў мяч трапіў у руку Кукурэлью, але Тэйлар не прызначыў пенальці, бо іспанец якраз прыбіраў гэтую руку.

Справа ўжо ішла да пасляматчавых пенальці, калі здарылася развязка. Ольма выразаў навес і Мікель Мерына галавой закалаціў мяч у браму Нойера. Немцы яшчэ здолелі ў самым эндшпілі стварыць дзве небяспечныя сітуацыі, але на гэты раз шчасце было на баку “чырвонай фурыі”. Праўда, з-за чырвонай карткі Іспанія страціла на паўфінал Дані Карвахаля, але гэтая непрыемнасць патанула ў агульнай радасці каманды.

Выніковыя 2:1 на карысць Іспаніі!

Беларускае Радыё Рацыя