BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Англія выйшла ў фінал

Позна ўвечары 10 ліпеня ў Дортмундзе Англія і Нідэрлянды вызначалі другога фіналіста чэмпіянату. Сцэнар першага тайму выдаўся падобным на матч папярэдняга дня. Першая ж атака “аранжавых” прынесла ім поспех – Сіманс рэзкім стрэлам з-за межаў штрафной заспеў знянацку ангельскага брамніка Пікфарда.

Брытанцы адыграліся з досыць сумнеўнага пенальці. Хары Кейн апынуўся на вастрыні і прабіў міма рамкі пасля чаго Дзюмфрыс ударыў капітана ангельцаў па назе. Падобна было на вольны штрафны, але нямецкі арбітр Цвайер пасля прагляду VAR паказаў на 11-мятровую пазнаку. Кейн упэўнена рэалізаваў стандарт.

Каманда “трох ільвоў” працягвала свой націск. Неўзабаве яшчэ двойчы ў цэнтры ўвагі апынуўся Дзюмфрыс – спярша абаронец Нідэрляндаў вынес мяч з стужачкі брамы пасля ўколу Фодэна. А потым фактурны бек прабіў галавой па браме суперніка, якога ўратавала папярэчына. З іншага боку настырны Фодэн праверыў на трываласць штангу рамкі апанентаў.

На адпачынак пайшлі пры роўным ліку 1:1.

У другім тайме пэўны час брытанцы яшчэ працягвалі валодаць ініцыятывай, але неўзабаве іх сталі пакідаць сілы. “Аранье” значна асмялелі і пачалі выкладаць свае аргуманты. На полі з’явілася шмат новых футбалістаў з лавак запасных.

Дынамікі было няшмат, але ў адной з акцый Бакаёка Сака даслаў мяч у сетку Вербрухена – суддзі зафіксавалі мікраскапічны афсад і не залічылі гол.

Справа ўжо набліжалася да дадатковага часу, калі рэзервіст Олі Уоткінс, які да гэтага толькі тры разы крануўся мяча на зыходзе 90-й хвіліны більярдным ударам паклаў стракаты прадмет гульні “у лузу”. Англія перамагла 2:1 і на другім Еўра запар пад кіраўніцтвам Гарэта Саўтгейта выйшла ў фінал. Шыльда вырашальнага паядынку Іспанія – Англія здараецца ўпершыню ў гісторыі.

Нідэрлянды – Англія – 1:2 (Хаві Сіменс, 8-я; Хары Кейн, 18-я , з пенальці, Олі Уоткінс, 90-я)

Беларускае Радыё Рацыя