
6 ліпеня ў Дзюссельдорфе ў матчы 1/4-й фіналу сустрэліся Англія і Швайцарыя. Гельветы не перамагалі брытанцаў ажно 43 гады і мелі надзею ўпершыню ў сваёй гісторыі трапіць у паўфінал.
У каманды “трох ільвоў” юбілей адзначаў трэнер Гарэт Саўгейт – 100-ы матч на чале нацыянальнай дружыны. Гэтага сама дарогага па заробку настаўніка на Еўра шмат крытыкуюсь на радзіме і па-за ёй, але факт застаецца фактам – чатыры разы запар Саўтгейт вывеў сваю каманду на топ-турнірах на стадыю чвэрцьфіналу.
Швайцарцы ад стартавага свістка паставілі ў сваёй штрафной “аўтобус” і амаль не мелі намераў атакаваць. Каманда з туманнага Альбіёну трохі змяніла сваю расстаноўку і дыктавала свае ўмовы, але стварыць сапраўдную пагрозу браме Зоммера не ўдавалася. У выніку за першы тайм разам у актыве абедзвюх зборных было нуль цэльных удараў і адпаведна нулі на табло.
У другім тайме было жывей. На 75-й хвіліне першае ж абвастрэнне Швайцарыі прынесла ёй поспех. Пасля вострага прастрэла у брамніцкую і рыкашэта Уокер “згубіў” апанента, мяч трапіў да Эмбало, які скіраваў прадмет гульні па адрасе – 1:0.
Брытанцам вельмі хутка ўдалося адыграцца – Бакаё Сака наважыўся на стрэл з дыстанцыі і мяч, пацалаваўшы па дарозе штангу, апынуўся ў сетцы – 1:1.
Урэшце ўжо трэці матч запар дайшло да дадатковага часу. Сама небяспечны момант узнік, калі выйшаўшы на замену Джэрдан Шакіры наўпрост закруціў мяч з корнеру, а той трапіў у каркас брамы. І так футбольная прыгода дайшла да пасляматчавых пенальці. Брытанцы прабілі 11-мятровыя дасканала, а сама першы пенальці Аканджы парыраваў Джордан Пікфард. Гэта была толькі трэцяя такая перамога Англіі па пенальці на топ-турнірах (ажно 9 было прайграна).
Англія – Швайцарыя – 1:1 (Бакаё Сака, 80-я; Эмбало, 75-я), па пенальці – 5:3.
Такім чынам вядомыя ўжо тры паўфіналісты Еўра. Іспанія сустрэнецца з Францыяй, а Англія з пераможцам матчу Нідэрлянды – Турцыя.
Беларускае Радыё Рацыя