
Праграму другога туру чэмпіянату адкрыла балканскае дэрбі. Харватыя змагалася з Албаніяй. Правал у першым паядынку не пакідаў “шахматавым” іншага выбару, як гуляць на перамогу. Харваты – хіба найбольш дасведчаная дружына на гэтым першынстве, многія з іх майстроў “баразны не псуюць”, але відавочна мінулі свае лепшыя гады. А вось новых “шукераў-манджукічаў” не праглядваецца.
Албанцы, як і ў матчы з Італіяй, адкрылі лік, але ўтрымаць сваю перавагу не здолелі. Харваты дзеілі досыць акадэмічна і схематычна, але непрацяглы збой абароны албанцаў дазволіў ім ня толькі адыграцца, але і выйсці наперад. Пры тым першы гол (і свой 29-ы ў рэпрэзентацыі) колішніх прызёраў чэмпіянату свету запісаў на свой рахунак Андрэй Крамарыч, у якога якраз быў дзень нараджэння.
Сама цікавай была канцоўка – каманда пад кіраваннем бразільскага трэнера Сільвіньё ўсё ж знайшла рэсурсы, каб адыграцца. І ў апошнія даданыя хвіліны супернікі, якіх не задавальняла нічыя, стварылі яшчэ шэраг момантаў. Але ўрэшце быў зафіксаваны баявы мір. Цяпер у заключным туры і албанцам, і харватам трэба выйграваць, паколькі 2 ачкоў напэўна ня хопіць для выхаду ў плэй-оф.
Харватыя- Албанія – 2:2 (галы: Андрэй Крамарыч, 74-я, Клаус Г’ясула, 76-я, аўтагол; Казім Лацы, 11-я, Клаус Г’ясула, 90-я+5).
Цікава, што албанец Г’ясула стаў першым на турніры, хто забіў два мячы, праўда ў сваю і ў чужую браму.
Беларускае Радыё Рацыя