BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Чорны дзень Харватыі

У суботу, 15 чэрвеня, на футбольным Еўра, стартавала група “В”. Дзень стаўся чорным для харвацкай дружыны. Паядынак зборных Іспаніі і Харватыі прагназаваўся як бітва роўных па класе супернікаў. Але першы тайм выўся зусім анамальным – у браму балканцаў заляцела ажно тры мячы – неверагодная выніковасць з боку больш маладой “фурыі рохі”. Самы ж “шашачныя” сваімі шанцамі не скарысталіся.

Лік адкрыў на 29-й хвіліне лепшы снайпер Іспаніі на чэмпіянатах Еўропы Альвара Марата. Гэта быў ужо 7-ы яго гол на кантынентальных першынствах. Падвоіў перавагу Фабіян Руіс на 32-ім абароце секундавай стрэлкі гадзінніка. А потым нечаканы рэйд у штрафную суперніка здзейсніў абаронец Даніэль Карвахаль – 3:0.

Харваты – адна з самых дасведчаных камандаў чэмпіянату. У другім тайме падначаленыя Златка Даліча кінуліся адыгрывацца, стварылі шэраг момантаў, але мяч упарта не хацеў трапляць у браму галкіпера пірэнейцаў. На 80-й хвіліне Бруна Петкавіч нават не рэалізаваў пенальці. Пры тым здарыўся вельмі рэдкі эпізод. Сімон Унай парыраваў удар, але першым на адскок прыбёг Іван Перышыч – адрасаваў мяч таму ж Петкавічу, які даслаў яго ў сетку. Аднак пасля прагляду VAR гол адмянілі – бо Перышыч заўчасна забег у штрафную.

У выніку Іспанія перамагла 3:0 і заняла пазіцыю лідара ў квартэце. Падаецца, аднак, што Харватыя яшчэ не сказала свайго астатняга слова.

Беларускае Радыё Рацыя