BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Гераічная вікторыя Славакіі

На еўрапейскім першынстве грымнула першая сапраўдная сенсацыя. Дружына Славакіі ў паядынку групы D адолела зборную Бельгіі – 1:0.

Матч ад пачатку быў цікавы дуэлью двух італьянскіх трэнераў. Бельгійцаў настаўляе Дамініка Тэдэска, а славакаў – менш вядомы Франчэска Кальцона. І трэба прызнаць, што план на гульню ў славянскай каманды быў дасканалым і ўрэшце прынёс станоўчы вынік.

Ужо ў дэбюце славакі, скарыстаўшыся памылкай супернікаў, здолелі адкрыць лік – на 7-й хвіліне гэта зрабіў Іван Шранц, які запісаў сваё прозвішча ў гісторыю. Далей Бельгія бесперапынна атакавала, а славакі баранілі сваю перавагу, пры тым не дапускаючы панікі. А пры тым раз-пораз бегалі ў контратакі.

Двойчы ў другім тайме мяч усё ж трапляў у браму дасведчанага Марціна Дубраўкі пасля ўдараў Рамэла Лукаку, але шчасце было на баку ўсходніх еўрапейцаў – у першым выпадку быў зафіксаваны афсайд гіганта, а ў другім – гульня рукой бельгійскага асістэнта.

Славакі разам з Румыніяй пасля першага туру наперадзе – па 3 ачкі, Бельгія і Украіна пакуль ні пунктаў, ні забітых мячоў ня маюць.

Беларускае Радыё Рацыя