
Увечары 19 чэрвеня прайшлі дзве сустрэчы другога тура ў групе А. Яны значна праяснілі сітуацыю ў квартэце.
Спярша ў Штутгарце змагаліся дружыны Германіі і Венгрыі. Бундэсманшафт яшчэ да гульні здзівілі нейкай дзівоснай формай, на якой не было ніякай дзяржаўнай сімволікі. Ружова-гранатавае ўбранне немцаў нагадвае хутчэй начныя піжамы. Што датычыць уласна гульні, то каманда Нямеччыны выдатна падрыхтавана да турніру ва ўсіх кампанентах, у яе лініях няма слабых месцаў. Мадзьяры таксама выглядаюць баяздольным калектывам, але ў гэты дзень ім зноў не ўдалося разжыцца хоць бы адным ачком. Венгры, у якіх ажно 6 чалавек выступае ў бундэслізе, добра ведалі сваіх супернікаў і супрацьдзеілі вельмі годна, але ўдача ім так і не ўсміхнулася.
Матч пакінуў пытанні наконт судзейства. Першаму голу гаспадароў турніра папярэднічаў фол іх капітана Ілкая Гюндагана. Мусяла запісаў на свой рахунак ужо другі мяч і выйшаў у лепшыя бамбардзіры турніру. Другі гол у актыве капітана Гюндагана. Варта прыгадаць яшчэ эпізод, калі мяч трапіў у руку гульца Германіі, але нідэрляндскі арбітр прызначыць пенальці не адважыўся.
Германія-Венгрыя – 2:0 (Джамал Мусяла, 22-я, Ілкай Гюндаган, 67-я).
Змаганне ў Кёльне паміж Шатляндыяй і Швайцарыяй было не менш зацятым. Брытанцы саступаюць многім супернікам у індывідуальным майстэрстве, але маюць надзвычай валявы характар. Асноўныя надзеі шатляндцы звязвалі з стандартамі, і менавіта пасля іх найбольш горача было ля брамы Яна Зоммера. Сваім парадкам гельветы атакавалі не менш востра, але некалькі момантаў загубіў Ндаае.
Шатляндцы адкрылі лік пасля дальняга стрэла Мактомінэя і рыкашэту ад Шэра. Параўняў лічбы на табло эфектным ударам Джэрдан Шакіры, які забівае на ўсіх топ турнірах. Цяпер у яго ўжо 10 галоў (5 на чэмпіянатах свету і 5 – на чэмпіянатах Еўропы). Да прыкладу такі ж баланс у знакамітага Зінетдзіна Зідана.
Шатляндыя – Швайцарыя – 1:1 (Скот Мактомінэй, 13-я; Джэрдан Шакіры, 26-я).
Становішча пасля двух тураў: Германія – 6 ачкоў, Швайцарыя – 4, Шатляндыя – 1, Венгрыя -0.
Германія ўжо забяспечыла сабе месца ў 1/8-й фінала, Швайцарыя – хутчэй усяго таксама пойдзе далей, а вось за трэцюю пазіцыю будзе бітва ў заключным туры паміж шатляндцамі і венграмі, дзе ўсім будзе патрэбная толькі перамога.
Беларускае Радыё Рацыя