BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Італія склала чэмпіёнскія паўнамоцтвы

Праграма 1/8 фінала Еўрачэмпіяната пачалася спаборам альпійскіх суседзяў – на газон берлінскага стадыёну выйшлі зборныя Італіі і Швайцарыі. І пасля гэтага паядынку кантынент сказаў ранейшаму чэмпіёну “Чао!”

За тры гады пасля чэмпіёнства “скуадра адзурра” перажыла перыяд відавочнай дэградацыі, а таксама істотнага абнаўлення. Захаваць ранейшае не ўдалося, як і стварыць адметнае новае. У складзе апенінцаў чэмпіёнскаму роўню адпавядаюць зараз хіба толькі фактурны брамнік Джанлуіджы Доннарума ды плэймейкер Нікола Барэла. І камандзе відавочна бракуе такога “фантазісты”, якім быў на мінулым Еўра Ларэнца Інсінье. Лючана Спалетці выбраў у свой калектыў вельмі шмат сумнеўных фігураў.

На матч з “крыжакамі” Італія з розных прычын выставіла зусім незвычайны стартавы склад, а вось швайцарцы наадварот – прадказальны і мацнейшы набор лепшых сваіх гульцоў.

Паўтайма назіралася нуднае “перацягванне канату”. Першымі стварылі небяспечную сітуацыю падначаленыя Мурата Якіна – Ндой “вываліўся” сам насам з Доннарумам, але ня здолеў перахітрыць дасведчанага брамніка. Італьянцы адказалі індывідуальным выпадам К’езы.

Лік быў адкрыты пасля нестандартнай “уверцюры” ад Швайцарыі: Варгас знайшоў у штрафной пляцоўцы Фройлера, а паўабаронец якраз італьянскай “Балоньі” эфектна апрацаваў мяч і неадхільна прабіў. На зыходзе першай паловы Фабіян Рыдар ледзь не падвоіў лік, але італьянцаў уратаваў галкіпер.

Адразу пасля перапынку эфектны дальні стрэл у “дзявятку” Варгаса фактычна паставіў перад італьянцамі невыканальную задачу. За рэшту часу італьянцы ня здолелі нават сатварыць гол прэстыжу. Каманда Спалетці бясслаўна пакідае турнір, швайцарцы выйшлі ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнуцца з пераможцам пары Англія – Славакія.

Швайцарыя – Італія – 2:0 (Рэма Фройлер, 37-я, Рубен Варгас, 46-я)

Беларускае Радыё Рацыя