
У панядзелак завяршалі групавую кампанію дружыны квартэту B. У Дзюсельдорфе сустракаліся Албанія з Іспаніяй, а ў Ляйпцыгу – Харватыя з Італіяй. Дыспазіцыя была вельмі простай: іспанцы датэрмінова забяспечылі сабе першае месца ў групе і па вялікім рахунку ім нічога ня трэба было, італьянцаў задавальняла нічыя, якая прыносіла другое месца, а абедзвюм балканскім камандам была патрэбная толькі перамога.
“Чырвоная фурыя” прадказальна выставіла супраць Албаніі другі склад. Толькі такому рэзервоваму складу можа пазайздросціць кожная краіна. Пірэнейцы хутка арганізавалі экспрэс-гол – гэта Торрэс більярдным ударам “паклаў” мяч ад штангі ў адпаведнае месца. Далей з боку фаварытаў гульня мела больш таварыскі характар. Албанцы стараліся, але так і не здолелі дамагчыся патрэбнага. Іспанія набрала максімальныя 9 ачкоў і не прапусціла пакуль аніводнага гола.
Албанія – Іспанія – 0:1 (Феран Торрэс, 13-я)
У паралельным паядынку разгарнулася сапраўдная драма. Першы тайм быў досыць невыразным і прэсным, супернікі адзначыліся адзінкавымі ўколамі. Асноўныя падзеі былі зафіксаваныя ў другой палове. Спярша “шахматныя” атрымалі права на пенальці, калі мяч трапіў у руку абаронца “скуадры адзурры”. Аднак Модрыч ня здолеў перахітрыць габарытнага брамніка Доннаруму. Але ж амаль услед наступная імклівая атака прынесла поспех – той жа Лука Модрыч удала згуляў на дабіванні.
Толькі пасля прапушчанага мяча чэмпіёны Еўропы страпянуліся і сталі дзеіць востра. Матч ужо амаль дакаціўся да выніковай радасці харватаў, аднак літаральна на апошніх секундах апенінцам удалася шыкоўная атака, якую шэдэўральна завяршыў выйшаўшы на замену Матыа Дзаканьі – адзіны прадстаўнік “Лацыё” у складзе “блакітнай эскадры” – 1:1. Італьянцы цешыліся, а харваты перажылі жорсткае расчараванне.
Надзвычай радаваліся і ў Венгрыі, паколькі іх дружына пры такім раскладзе займела шанец ускочыць у “апошні вагон цягніка” плэй-оф.
Харватыя – Італія – 1:1 (Лука Модрыч, 55-я; Матыа Дзаканьі, 90+8).
Выніковае становішча ў групе В: 1. Іспанія – 9 ачкоў, 2. Італія – 6, 3. Харватыя – 2, 4. Албанія – 1. Балканскія каманды дакладна пакідаюць турнір.
Беларускае Радыё Рацыя






