
У панядзелак на чэмпіянаце стартавала група Е.
У Мюнхене на зялёны газон выйшлі дружыны Румыніі і Украіны. Сустрэча зусім нечакана завяршылася буйнай перамогай румынаў – 3:0. Украінская зборная мае намнога большы досвед, а пераважная бальшыня яе гульцоў грае ў топ-клубах. Але гэтая раскладка “на паперы” не спрацавала зусім. Лідары жоўта-блакітных на гэты раз не выявілі свае лепшыя якасці.
Румыны пад кіраўніцтвам Эдварда Ёрданеску – сына знакамітага трэнера – сведама пачалі сустрэчу другім нумарам, спакойна вытрымалі прымітыўны націск супернікаў, а самы ўджалілі пры першай жа аказіі. Абаронца ўкраінцаў небяспечна пакаціў мяч брамніку Луніну і галкіпер мадрыдскага “Рэала” дапусціў школьную памылку, выбіўшы мяч у ногі чужому. Паследавала імклівая двуххадоўка, якую эфектна завяршыў капітан Румыніі Нікалае Станчу – 15-ы гол за нацыянальную дружыну.
Чакалася, што ў другім тайме жоўта-блакітныя істотна дададуць у крэатыўнасці, але замест гэтага іх чакала катастрофа. На 53-й хвіліне чарговы сумбур украінскай дэфензівы прывёў да дальняга стрэлу Развана Марына, а Лунін зноў памыліўся, пусціўшы мяч пад рукой. Румыны адчулі дэмаралізацыю апанентаў і ў пераможнай эйфарыі арганізавалі неўзабаве яшчэ адзін гол – вызначыўся Дэніс Дрэгуш. Замены Сяргея Раброва не прывялі да змены сітуацыі і агульнага настрою ўкраінскай каманды. У выніку досыць сенсацыйная вікторыя Румыніі, у якую не верылі спецыялісты і знаўцы футболу, але якую жарсна і радасна віталі свае заўзятары.
Беларускае Радыё Рацыя