
2 ліпеня ў Мюнхене Румынія і Нідэрлянды вызначалі чарговага чвэрцьфіналіста Еўра. Прыпомнім, што карпатцы крыху нечакана выйшлі з першага месца ў групе, а галяндцы – толькі з трэцяга. Але ўсе рахумелі, хто ёсць фаварытам у гэтым спатканні.
“Лятучыя галяндцы” нарэшце пацвердзілі сваё высокае рэнамэ. Каманда Рональда Кумана раскрыла свой сапраўдны патэнцыял. Цэлы матч “аранье” дамінавалі татальна на полі і стварылі мноства пагрозаў браме суперніка.
Лік адкрыў Кодзі Гакпо, які выявіў індывідуальнае майстэрства і знянацку заспеў галкіпера рэзкім стрэлам. Гэта быў трэці гол гульца “Ліверпуля” на турніры і ён актыўна ўключыўся ў гонку лепшых снайпераў.
Румыны час ад часу “паказвалі зубы”, але ўрэшце былі змушаны капітуляваць перад больш класным супернікам. Зыход сустрэчы не выклікаў ніякага сумневу. Дублем ў канцоўцы адзначыўся Мален, які выйшаў на поле з лаўкі рэзерврвых.
Румынія пакідае турнір, а “аранье” ідзе далей, чакаючы свайго наступнага суперніка, які вызначыцца ў вячэрнім спаборы паміж Аўстрыяй і Турцыяй.
Румынія – Нідэрлянды – 0:3 (галы: Кодзі Гакпо, 20-я, Доньел Мален, 83-я, 90-я+3).
Беларускае Радыё Рацыя






