BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Нідэрлянды выйшлі ў паўфінал

Сустрэча Нідэрляндаў і Турцыі ў Берліне завяршала праграму чвэрцьфіналаў. І гэты матч не расчараваў нейтральных заўзятараў.

Сустрэчы папярэднічаў скандал і дыскваліфікацыя галоўнага героя Турцыі ў 1/8-й фіналу Мерыха Дэмірэля за палітычны жэст. Але і без яго малаазійцы выглядалі вельмі баяздольным калентывам. А на 35-й хвіліне на стадыёне загучаў “Турэцкі марш”. Гэта вундэркінд Гюлер выразаў парашут у штрафную “аранжавых”, дзе на мяч прыляцела адразу тройка завяршальнікаў – самым порсткім стаў Акайдзін. Так быў адкрыты лік і на турэцкія трыбуны прыйшоў экстаз.

Галяндцы ў гэтай сустрэчы вельмі доўга “запрагалі”, але ўрэшце паехалі. Узмацніў іх выхад на поле Вегхарста. А ў ролі “снайпера на даху” нечакана выступіў стопер Стэфан дэ Врэй. Пасля падавання кутняга ён магутна прабіў галавой. А яшчэ праз некалькі хвілін “аранье” зноў святкавалі поспех.

Канцоўка паядынку была пякельна гарачай, але больш галоў не здарылася. Выдатна праявіў сябе галкіпер “аранжавых” Барт Вербруген. Нідэрлянды ў паўфінале сустрэнуцца з Англіяй. Туркі пакідаюць Еўра, але з высока ўзнятай галавой – Вінчэнца Мантэла стварыў вельмі сімпатычны малады калектыў.

Нідэрлянды – Турцыя – 2:1 (Стэфан дэ Врэй, 70-я, Мерт Мюлдур, 76-я, аўтагол; Самет Акайдзін, 35-я)