
У суботу на футбольным Еўра адбыліся два матчы другога туру ў квартэце F.
Першымі на поле ў Гамбургу выйшлі дружыны Чэхіі і Грузіі. Чэхі шмат атакавалі амаль усю сустрэчу, але ім не шанцавала. Да таго сапраўднай сцяной на браме Сакартвэла стаяў асноўны галкіпер “Валенсіі” Гіоргі Мамардашвілі.
Як не парадаксальна, але лік адкрылі гульцы з радзімы Шата Руставелі. Нямецкі арбітр прызначыў вельмі спрэчны пенальці за тое, што мяч трапіў у руку чэшскага абаронцы. Сумнеўны 11-мятровы ўпэўнена рэлізаваў Жорж Мікаўтадзэ. З тым і пайшлі на адпачынак.
Да гонару чэхаў, яны не апусцілі рукі і працягвалі гнуць сваю лінію, наггятаючы напругу ля ьрамы грузінаў. Урэшце гэта прынесла поспех, калі прызнаны снайпер Патрык Шык літаральна грудзямі даслаў мяч у сетку. Гэта быў яго шосты гол на еўрачэмпіянатах і Шык выйшаў у аднаасобныя нацыянальныя рэкардсмены.
Славяне працягвалі ціснуць, але ў самай канцоўцы ледзь не прапусцілі пасля імклівай контратакі. Аднак гэта было б сапраўды ўжо несправядліва. У выніку баявая нічыя. Зазначым, што гэта першае ачко Сакартвэла на топ-турніры.
Грузія – Чэхія – 1:1 (Жорж Мікаўтадзэ, з пенальці, 45+4; Патрык Шык, 59-я).
У Дортмундзе пазней высвятлялі дачыненні Партугалія з Турцыяй. “Чырвона-зялёныя”, нягледзячы на свіст трыбунаў, дзе выразна пераважалі туркі, хутка паказалі, хто гаспадар на полі.
Перавагу партугальцаў лагічна давёў да голу Бернарду Сілва, які амаль заўсёды забівае эстэтычна. Неўзабаве пасля гэтага здарыўся вельмі кур’ёзны выпадак, калі туркі самы закацілі мяч за лінію сваёй брамы.
Справа была развязаная і пасля антракту Бруну Фернандэш, з якім шчодра падзяліўся мячом Крышціяну Раналду, праштампаваў вікторыю Партугаліі.
Турцыя – Партугалія – 0:3 (Бернарду Сілва, 21-я, аўтагол, Самет Акайдзін, 28-я, Бруну Фернандэш, 56)
Турнірнае становішча ў групе зараз такое: 1. Партугалія – 6 ачкоў, 2. Турцыя – 3, 3. Чэхія – 1, 4. Грузія – 1.
Партугалія забяспечыла сабе выхад у 1/8-ю фіналу, прычым з першага месца, так што супраць Грузіі ў апошнім матчы можа выставіць рэзервовы склад. А вось паміж Чэхіяй і Турцыяй чакаецца сапраўдная бітва, у якой малаазійцаў задаволіць нічыя.
Беларускае Радыё Рацыя






