BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Партугалія толькі па пенальці адолела Славенію

Позна ўвечары ў Франкфурце на Майне за квіток у чвэрцьфінал змагаліся каманды Партугаліі і Славеніі. Паўднёвыя славяне на гэтым турніры ўжо дамагліся гістарычнага для сябе выхаду ў плэй-оф і відавочна марылі пра большае. Трэнер Мацьяж Кек дасканала расставіў сваіх падначаленых і цягам усяго матчу яны дакладна выконвалі свой тактычны план на гульню.

Партугальцы ад самага пачатку дзеілі першым нумарам, мелі нямала штрафных, але Крышціяну Раналду, які так хацеў перапыніць сваю голавую “засуху”, лупіў пераважна вышэй брамы. Яшчэ пару яго пагрозаў упэўнена ліквідаваў галкіпер Ян Облак.

Асноўны час так і не прынёс забітых мячоў, але сумаваць не даводзілася.

На 104-й хвіліне адчайны прарыў Дыега Жоты ў штрафную прывёў да пенальці. Аднак цешыліся заўзятары “чырвона-зялёных” нядоўга. Стрэл Раналду з 11-мятровай пазнакі гераічна парыраваў Облак! Пасля чаго Крышціяну нават расплакаўся. Нерваваліся і трэнеры: Кек быў выдалены, а Раберта Марцінес атрымаў жоўтую картку.

Партугальцы працягвалі штурм, але славенскі форт трымаўся надалей. А на 115-й хвіліне пасля страты мяча Пепе славенец Шэшка выйшаў сам насам з партугальскім галкіперам, але ня здолеў рэалізаваць выдатную магчымасць.

Урэшце справа дайшла да пасляматчавых пенальці. Дзе галоўным героем стаў партугальскі брамнік Дыёгу Кошта, які адбіў усе тры ўдары славенцаў. Партугальскія ж майстры былі на гэты раз бездакорнымі.

Партугалія – Славенія – 0:0, па пенальці 3-0.

Беларускае Радыё Рацыя