
Позна ўвечары ў пятніцу ў нямецкім Ляйпцыгу была зафіксаваная першая нулявая нічыя турніру. Найбольш дзіўна, што здарылася гэта ў паядынку топ-зборных. Францыя і Нідэрлянды асабліва расчаравалі нейтральных аматараў футболу, якія чакалі зусім іншага.
У першым тайме было больш жвавасці, а вось пасля перапынку “аранье” амаль перасталі атакаваць. Французы ж без Кіліяна Мбапэ, які зламаў нос у першым матчы, уяўляюць толькі палову сваёй сілы. “Трохкаляровыя” больш імкнуліся да вікторыі, але няўдала дзеілі ў завяршэнні.
Аранжавыя ў адным з рэдкіх выпадаў нават загналі мяч у сетку, аднак суддзі справядліва вызначылі актыўны афсайд і анулявалі гол. Ну а ў канцоўцы супернікі былі згодныя на гросмайстарскую нічыю.
Такі вынік азначае, што польская рэпрэзентацыя страціла нават тэарэтычныя шанцы на выхад з групы. У кожным разе яна зойме толькі 4-е месца ў квартэце.
Становішча ў групе D пасдя двух тураў: 1. Нідэрлянды – 4 ачкі, 2. Францыя – 4, 3. Аўстрыя – 3, 4. Польшча – 0.
Беларускае Радыё Рацыя






