BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Першым фіналістам стала Іспанія

Першага фіналіста Еўра вызначалі ў сустрэчы Іспанія і Францыя, каманды, якія на гэтым чэмпіянаце вызначаліся зусім адрозным стылем – востракамбінацыйны і тэхнічны футбол у выкананні пірэнейцаў і атлетычна прагматычны мінімалізм “трохкаляровых”.

Перад паўфіналам “фурыя роха” зазнала істотныя страты – траўма юнага Педры і дыскваліфікацыя з-за картак двух ключавых абаронцаў – Дані Карвахаля і Ле Нормана. Давялося умантоўваць у стартавы склад іншых гульцоў.

Асноўныя падзеі разгарнуліся ў першым тайме. Ужо першая флангавая атака Францыі прынесла ёй поспех. Мбапэ навесіў – Кало-Муані спакойна галавой завяршыў немудрагелістую задумку. І гэта быў толькі першы “чысты” гол каманды Дідзье Дэшама на гэтым турніры.

Іспанцы не разгубіліся, а метадычна працягвалі плесці свае звыклыя карункі. На 21-й хвіліне вундэркінд Ямаль здзейсніў эфектны эцюд і мяч пасля яго ўдару ад штанкі заляцеў у браму французаў. А праз пару абаротаў секунднай стрэлкі індывідуальным майстэрствам бліснуў Ольма – пасля яго стрэлу мяч ад нагі Кундэ другі раз трапіў у сетку Меньяна.

У другім тайме пайшлі шматлікія замены і тактычныя перабудовы ў абедзвюх камандах. Атакуючы патэнцыял Францыі так і не раскрыўся, а “фурыя роха” пераважна разыгрывала ўлюбёныя “квадраты” і ў выніку дамаглася сваёй шостай вікторыі на чэмпіянаце.

Іспанія пяты раз у гісторыі выйшла ў фінал, дзе сустрэнецца з пераможцам пары Англія – Нідэрлянды. Каманда пад кіраваннем дэ ла Фуэнтэ будзе змагацца за свой чацвёрты еўратытул.

Іспанія – Францыя – 2:1 (Ламін Ямаль, 21-я Дані Ольма, 25-я; Рандаль Кало-Муані, 9-я)

Беларускае Радыё Рацыя