
16 чэрвеня ў нямецкім Гамбургу матчам Нідэрлянды-Польшча стартавала на турніры група D.
“Бялэ-чэрвоны” былі змушаныя гуляць без траўмаванага перад Еўра Роберта Левандоўскага. У “аранжавых” з той жа прычыны таксама істотная кадравая страта – пакуль ня можа выступаць ключавы хаўбек Фрэнкі дэ Ёнг.
Затое досыць нечакана ў складзе польскай рэпрэзентацыі выйшаў капітан беластоцкай “Ягелоніі” Тарас Раманчук. Міхал Пробеж выбраў на пачатак увогуле не зусім прадказальную адзінаццатку, але праўдападобна ўдала расставіў гульцоў.
Матч прадказальна пачаўся пад дыктоўку каманды Рональда Кумана, дзе самым актыўным на левым фланзе быў Кодзі Гакпо. Палякі зацята абараняліся (пару разоў ратаваў Войцэх Шчэнсны) і цярпліва чакалі свайго шансу. І ён здарыўся ў час стандарту! Пасля падавання кутняга Зельньскага на 16-й хвіліне Адам Букса апярэдзіў усіх і галавой неадхільна даслаў мяч у сетку.
Адыграліся футбалісты з краіны цюльпанаў на 29-й хвіліне. Гакпо стрэліў на ўдачу і пасля рыкашэту ад нагі Саламона, мяч заляцеў у браму Шчэнснага.
У другім тайме зноў больш атакавалі “аранье”, але на некаторых адрэзках годна адказвала і Польшча. Вырашальнай сталася замена, калі на полі з’явіўся прызнаны снайпер Ваўт Вегхарст. Менавіта ён на 83-й хвіліне ўдала завяршыў імклівую камбінацыю. У канцоўцы палякі здолелі яшчэ стварыць некалькі вострых момантаў, але адыграцца не ўдалося. Нідэрлянды дамагліся вікторыі – 2:1.
Беларускае Радыё Рацыя