
У Берліне сустрэліся дзве зборныя пад бела-чырвонымі сцягамі – Польшча і Аўстрыя. Абедзве каманды прайгралі стартавыя паядынкі і праглі перамогі ў другім туры.
Роберт Левандоўскі зноў не выйшаў у стратавым складзе польскай рэпрэзентацыі, а на вастрыні атакі каманды Пробежа апынуўся Кшыштаф Пёнтэк.
Палякі пачалі сустрэчу вельмі невыразна, а аўстрыякі вельмі хутка арганізавалі гол. Нечакана наперадзе апынуўся абаронца Траўнер, які па-майстэрску галавой пераправіў мяч у сетку. У польскай зборнай пасля здарыўся неблагі адрэзак, які заканамерна завяршыўся голам Пёнтка (якраз у пятніцу). Нападнік па-хакейнаму быў спрытным на дабіваннні. Што цікава, абодва забітыя мячы на турніры на рахунку польскіх форвардаў, якія гуляюць якраз у турэцкіх клубах.
У другім тайме супернікі сталі цягнуць “коўдру” ініцыятывы на сябе і ў гэтым больш удалымі апынуліся аўстрыякі. Спачатку Баўмгартнер скарыстаўся правалам польскай дэфензівы па цэнтру і па-майстэрску выканаў завяршальны ўдар. А потым у контратацы дружына “Остэррайх” зарабіла пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў дасведчаны Арнаутавіч.
Палякам не дапамаглі і выхады на замену ў другім тайме Левандоўскага і Грасіцкага. Пасля заменаў цэнтр польскай рэпрэзентацыі “прасеў”. Бялэ-чэрвоныя стварылі занадта мала вострых сітуацый, каб дамагчыся станоўчага выніку. Другая параза запар і цяпер у Польшчы зусім невялікія шанцы на выхад у 1/8-ю фінала.
Польшча – Аўстрыя – 1:3 (Кшыштаф Пёнтэк, 30-я; Гернат Траўнер, 9-я, Крыстаф Баўмгартнер, Марка Арнаутавіч, з пенальці, 78-я).
Беларускае Радыё Рацыя






