
Зборная Украіны правяла на турніры свой другі матч. Яе супернікам былі суседзі з Славакіі. Трэнер “жоўта-блакітных” Сяргей Раброў зрабіў змены ў стартавым складзе сваёй каманды, найбольш прыкметнай з якіх стаў выхад на поле Дзюсельдорфа іншага галкіпера. Брамнік Анатоль Трубін спаўна апраўдаў такі давер, некалькі разоў згуляўшы вельмі надзейна пры грозных атаках славакаў.
У першым тайме славацкая дружына выглядала больш зладжана і дамаглася заслужанага поспеху – свой другі мяч на турніры забіў Іван Шранц, стаўшы лепшым бамбардзірам сваёй нацыі на еўрачэмпіянатах. Гульня ж украінцаў была празмерна просталінейнай і “прэснай”.
Але ў другой палове каманда Украіны нарэшце выявіла свае лепшыя якасці. Спярша ёй удалася выніковая камбінацыя, якую завяршыў трапным стрэлам хаўбек Мікола Шапарэнка. А потым выйшаўшы з лаўкі рэзервовых Раман Ярамчук вельмі элегантна перахітрыў брамніка Марціна Дубраўку ў бліжнім паядынку. Выніковая вікторыя Украіны – 2:1, абедзве каманды захоўваюць вельмі рэальныя шанцы на выхад у плэй-оф.
А Раман Ярамчук стаў рэкардсменам Украіны на еўрачэмпіянатах – агулам 3 галы.
Славакія – Украіна – 1:2 (Іван Шранц, 12-я; Мікола Шапарэнка, 54-я, Раман Ярамчук, 80-я).
Беларускае Радыё Рацыя






