
Другі матч 1/8-й фіналу Еўра паміж Германіяй і Даніяй захапіў усіх з першых секунд. “Бундэсманшафт” абрынула з самага пачатку шквал атак на браму супернікаў. Мяч нават пабываў у сетцы Шмейхеля-малодшага, аднак не быў залічаны з-за парушэння правілаў. Прычым нечакана на вастрыі атак апынуўся нямецкі абаронец з адпаведным прозвішчам Шлотэрбэк.
Аднак бліц-крыг германцаў не ўдаўся, пасля чаго датчане спакваля сталі распраўляць крылы. Матч аднак з-за непагадзі (шугалі маланкі і падаў град) быў перапынены дзесьці на 35-й хвіліне.
Пасля незапланаванага антракту гульня аднавілася з ранейшым імпэтам і глядзелася, як кажуць, на адным удыху. Немцы былі зноў блізкія да голу, але непрабівальнай сцяной на іх шляху быў дацкі галкіпер. Самы скандынавы ў канцоўцы тайма арганізавалі ўзорную контратаку – і ўжо надышла чарга Мануэля Нойера ратаваць сваю каманду. На перапынак пайшлі пры нулях на табло і яшчэ больш падвышаных стаўках.
У пачатку другога тайма ў эпіцэнтры ўвагі апынуўся абаронец Ёакім Андэрсэн. Спярша ён забіў мяч у браму немцаў, але VAR ануляваў яго з-за мікраскапічнага афсайду. А праз хвіліну прадмет гульні крыху зачапіў пальцы Андэрсана і арбітр прызначыў пенальці. 11-мятровы рэалізаваў Хавертц. Пазней ён сапсаваў некалькі выдатных момантаў.
Данія кінулася адыгрывацца, але ня мела шчасця ў гэты дзень. А потым Мусяла ўсё ж падвоіў перавагу немцаў у імклівым адрыве.
Напэўна гэты матч пакуль быў найбольш яркім спектаклем на турніры. Скандынавы пакідаюць Еўра, Нямеччына ідзе далей.
Германія – Данія – 2:0 (Кай Хавертц, 53-я, з пенальці, Джамал Мусяла, 68-я).
Беларускае Радыё Рацыя