BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Швайцарыя перамагла Венгрыю

15 чэрвеня ў Кёльне ў другім матчы групы “А” Швайцарыя досыць упэўнена перамагла Венгрыю – 3:1.

У першым тайме была поўная перавага гельветаў, а вось мадзьяры расчаравалі ня толькі сваіх, але і нейтральных заўзятараў. Венгры вельмі шмат памыляліся пазіцыйна, а ў атацы не мелі ўвогуле ніякіх аргументаў. “Крыжакі” кінжальнымі пранікненнямі метадычна “распорвалі” абарону супернікаў. Ужо на 12-й хвіліне Квадво Дуа, адзін з дэбютантаў Швайцарыі, які нечакана апынуўся ў стартавым складзе, скарыстаўся пасам Эбішара. У канцоўцы тайма ўжо сам Мішэль Эбішар скарыстаўся чарговымі памылкамі абаронцаў Венгрыі. Яшчэ пару разоў усходнееўрапейцаў уратаваў брамнік Гулачы.

У другой палове падзеі развіваліся няспешна. Толькі пасля 60-й хвіліны мадзьяры ўрэшце актывізаваліся, Яны цэлы час рабілі акцэнт на навесах з флангаў і нечакана гэта прынесла плод у выглядзе забітага мяча – вызначыўся Барнабаш Варга. Але ў цэлым логіка гульні была паслядоўнай і шанцаў зарабіць ачко ў Венгрыі не было. Чарговая недарэчнасць яе дэфензівы прывяла да голу ў афармленні Эмбало, які выйшаў на поле з лаўкі рэзервовых.

У групе вызначыліся два выразныя лідары: Германія і Швайцарыя маюць па 3 пункты, Венгрыя і Шатляндыя без ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя