BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Турцыя стала апошнім удзельнікам 1/4-й фінала

Позна ўвечары ў Ляйпцыгу пад праліўным дажджом Аўстрыя і Турцыя вызначалі апошняга ўдзельніка чвэрцьфіналаў Еўра.

Характар гульні шмат у чым прадвызначыў экспрэс-гол туркаў – яшчэ секундная стрэлка не зрабіла абароту, а мяч ужо пабываў у сетцы альпійцаў. Далей аўстрыякі адчайна намагаліся параўняць лік, а малаазійцы імкнуліся злавіць апанентаў на контратаках.

Другі раз турэцкая каманда злавіла птушку ўдачы за хвост, калі зноў абаронец Дэмірэль у высокім скачку пераправіў мяч у браму Пентца. Падначаленыя спрактыкаванага тактыка Ральфа Рангніка не склалі рукі і досыць хутка адыгралі адзін мяч – вызначыўся Грэгарыч. Далей штурм турэцкай крэпасці працягваўся, але безвынікова. На апошніх секундах Турцыю ўратаваў сэйв брамніка Мерта.

Турцыя выйшла ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнецца з Нідэрляндамі.

Аўстрыя – Турцыя – 1:2 (Міхаэль Грэгарыч, 66-я Мерых Дэміраль, 1-я, 59-я).

Беларускае Радыё Рацыя