
20 чэрвеня на палях Германіі змагаліся каманды групы “С”. Спярша ў Мюнхене гледачоў чакала пост-югаслаўскае дэрбі – матч Славеніі і Сербіі. У першым тайме насуперак прагнозам многіх спецыялістаў ініцыятывай валодалі славенцы. Сербы былі нейкімі інэртнымі і пачалі прачынацца толькі бліжэй да перапынку. Асноўная іх стаўка ў атацы была на традыцыйны дуэт Тадзіч-Мітравіч. Футбалісты ж з берагоў Адрыятыкі дзеілі больш разнастайна.
Героем сустрэчы досыць нечакана стаў абаронец славенцаў Жан Карнічнік, які адзін з нямногіх выступае на радзіме – за клуб “Цэле”. Гэта ён перахапіў мяч ля сваёй штрафной, выразаў цудоўную перадачу і сам паспеў у валоданні супернікаў, каб завяршыць голам пас партнёра.
Сербы кінуліся адыгрывацца, але, здавалася, славенцы кантралююць гульню і набліжаюць свой выхад у плэй-оф. Ды свята на славенскую вуліцу так і не прыйшло. Літаральна на апошніх секундах падначаленым Драгана Стойкавіча ўдалося адыграцца – 1:1.
Славенія – Сербія – 1:1 (Жан Карнічнік, 69, Лука Ёвіч, 90+5).
Пазней у Франкфурце на Майне на газон выйшлі фаварыты групы – Англія і Данія. Брытанцам зноў удаўся досыць хуткі гол. Пасля сумбуру ў абароне датчан Хары Кейн забіў свой 64-ы мяч за каманду “трох ільвоў” і 5-ы на еўрачэмпіянатах.
Пасля гэтага “лейцы гульні” трывала забралі ў свае рукі скандынавы. Іхняя асада брамы ангельцаў урэшце прывяла да жаданага. Шэдэўральны гол у летапіс каманды Даніі запісаў гарматным далёкім стрэлам Мортэн Х’юлмэн. “Дацкія прынцы” глядзеліся больш прывабна і пераважна прэсінгавалі.
У другой палове спаткання было шмат змагання і мала вострых момантаў. У выніку супернікі, нягледзячы на ўсе замены і высілкі, разышліся мірам.
Данія – Англія – 1:1 (Мортэн Х’юлмэн, 34-я; Хары Кейн, 18-я)
Становішча ў групе С: 1. Англія – 4 ачкі, Славенія і Данія – па 2, Сербія – 1.
У апошнім туры сустрэнуцца Англія-Сербія і Славенія-Данія. Усе захоўваюць шанцы на выхад у 1/8-ю фінала.
Англія ўжо ніжэй трэцяга месца не апусціцца, па-сутнасці “адной нагой” яна ўжо ў плэй-оф.
Беларускае Радыё Рацыя