BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўра-2024. Англія выйграла, але расчаравала

Увечары 16 чэрвеня на чэмпіянаце Еўропы стартавалі зборныя кампаніі “С”.

Першымі на газон Штутгата выйшлі каманды Даніі і Славеніі. Яны ведаюць адна адну “як аблупленыя”, паколькі ў адборавым турніры гулялі ў адной групе. Тады ў Славеніі была нічыя, а на сваім полі датчане выйгралі. Спатканне ў фінальнай частцы выдалася крыху парадаксальным. У першай палове паядынку выразна дамінавалі скандынавы. На 17-й хвіліне гэтая перавага ўвасобілася ў эфектны гол Крысціяна Эрыксэна, якому пятой асіставаў Вінд. Аднак развіць гэты поспех “дацкія прынцы” (а ў складзе бальшыня ўдзельнікаў мінулага Еўра) не змаглі.

Пасля перапынку цудоўна фізічна падрыхтаваная Славенія стварыла шэраг небяспечных момантаў і ўрэшце дамаглася жаданага. Пачалося ўсё з таго, што грэнадзёр Беньямін Шэшка ад душы “зарадзіў” у штангу. І амаль услед чарговая хваля атакі прынесла забіты мяч – па ім пальнуў абаронец “Гурніка” (Забжэ) Эрык Янжа і ад тулава дацкага гульца снарад трапіў па прызначэнні. У выніку была зафіксаваная першая на турніры нічыя.

Пазьней у Гельзенкірхене змагаліся Англія і Сербія. Гэта былі два таймы з супрацьлеглым характарам. У першым тайме брытанцы выяўлялі свае лепшыя якасці, а на полі саліраваў Джуд Белінгем. Менавіта ён ястрабам на 13-й хвіліне прыляцеў у штрафную суперніка і галавой закалаціў мяч у сетку. Сербы гулялі жорстка і нават брутальна, шмат фалілі, што чакалася і характэрна для гэтай каманды. Але ў другой палове сустрэчы яны паказалі цвёрды характар і былі блізкія да поспеху. Надзейна дзеіў аднак брамнік Джэрдан Пікфард. Хоць мог паўтарыцца і сцэнар папярэдняга матчу. Каманда “трох ільвоў” пасля антракту стварыла толькі адну грозную сітуацыю – але удар галавой Хары Кейна ў папярэчыну перавёў галкіпер Райкавіч.

У цэлым каманда з туманнага Альбіёна расчаравала, незразумела якую тактыку абраў пасля перапынку Гары Саўгейт, не ўзмацнілі каманду і замены.

Тым ня менш у гэтым квартэце Англія захапіла лідарства – 3 ачкі, Данія і Славенія маюць па 1, Сербія пакуль з нулём. Але ўсё асноўнае змаганне яшчэ наперадзе.

Беларускае Радыё Рацыя