Беларуская тэнісістка Алена Фалей стала пераможцай турніру ITF-W50 у японскай Ёкагаме з прызавым фондам 40 тысяч даляраў. У фінале беларуска перайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканскую тэнісістку Хіну Іноўэ – 3:6, 6:1, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 15 хвілін. Для 20-гадовай Алены Фалей гэта пяты чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай ITF.
“Нёман” атрымаў дзясятую перамогу запар у хакейным чэмпіянаце краіны
Гарадзенскі “Нёман” давёў пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі да двухзначнай колькасці. У нядзелю падначаленыя Яўгена Летава на выездзе сустракаліся з наваполацкім “Хімікам”. Дубль аформіў Арцём Кіслы, па дзве галявыя перадачы аддалі Мікіта Цітоў і Мікіта Рэмезаў, а “Нёман” перамог – 3:1. Гэта дзясятая перамога запар гарадзенскага клуба. Гульнявую праграму нядзелі адкрываў паядынак у Гомелі паміж мясцовым клубам і салігорскім “Шахцёрам” – у выніку 2:1 на карысць “рысяў”. “Гомель” набраў ачкі ў шостым матчы запар, дзякуючы чаму ўзняўся ў топ-4 экстралігі. На сталічнай “Чыжоўка-Арэне” “Юнацтва” перамагло “Віцебск” 4:1. На поўдні краіны “Брэст” другі раз за тры дні мінімальна саступіў “Металургу – 0:1. Аўтарам пераможнай шайбы ў дзейных чэмпіёнаў краіны стаў Ілля Спат, а галкіпер” сталёвых ваўкоў” Сяргей Бальшакоў адбіў усе 32 кідкі суперніка.
“Нёман” перамог футбалістаў “Мінска” на фінішы чэмпіянату Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі чарговыя сустрэчы 30-га тура. Срэбраны прызёр гарадзенскі “Нёман” завяршыў сезон буйной хатняй перамогай над футбалістамі “Мінска” – 4:0. У Мазыры мясцовая “Славія” саступіла ўладальніку бронзавых узнагарод жодзінскаму “Тарпеда-БелАЗу” – 0:2. У Салігорску “Шахцёр” прайграў магілёўскаму “Дняпру” – 1:2. У Менску “Іслач” адолела футбалістаў “Віцебска” – 1:0. Раней дзяржынскі “Арсенал” перамог футбалістаў “Гомеля” з лікам 1:0, а наваполацкі “Нафтан” з такім жа кам лікам перайграў футбалістаў “Слуцка”. Барысаўскі БАТЭ разграміў гасцей са “Смаргоні” – 7:4.
“Ягелонія” згуляла ўнічыю з “Погонь”
Беластоцкая “Ягелонія” у чарговым матчы польскай футбольнай экстракласы згуляла ўнічыю з “Погонь” Шчэцін 1:1. У складзе беластачан гол забіў Хесус Імаз. Для іспанца гэта сёмы матч запар у Экстракласе з голам, а ў агульным заліку ў Экстракласе ён забіў гол пад нумарам 91 і хутка далучыцца да «клуба 100».
ВРЗ і “Сталіца” выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі па міні-футболе
У розыгрышы Кубка Беларусі па міні-футболе вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты. Фіналіст папярэдняга турніру гомельскі ВРЗ разграміў на сваёй арэне “Барысаў-900” з лікам 10:1 і ў барацьбе за трапленне ў паўфінал сустрэнецца з сёлетнім лідэрам нацыянальнага чэмпіянату “Мінскам”. У менскім дэрбі чэмпіёны краіны спартоўцы “Сталіцы” былі мацней за “Дарожнік” – 6:1. У чвэрцьфінале “сталічнікі” будуць супернічаць з менскім клубам “Ахова-Дынама”. Цяперашні ўладальнік Кубка аршанскі “Вітэн” сустрэнецца са светлагорскім ЦКК. Яшчэ адну пару 1/4 фіналу склалі гомельскі БЧ і сталічная каманда “ЧэхАрда”, якая сенсацыйна адолела гарадзенскае “УУС-Дынама”. Першыя сустрэчы чвэрцьфінальных серый пройдуць 7 і 8 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя